Працягваецца суд над Каваленкам


А 12:20, пасля амаль паўгадзіннага перапынку, у судзе Першамайскага раёну Віцебску аднавіўся працэс у справе Сяргея Каваленкі. Як паведамлялася раней, апоўдні да будынка суда пад’ехала машына хуткай дапамогі. Адвакат Аляксандр Галіеў расказаў журналістам, якіх не пусцілі ў залу пасяджэнняў, што ягоны падабаронны пагадзіўся прайсці медычнае абследаванне, пасля чаго суддзя Алена Жук абвесціла перапынак.

Жонка Каваленкі, якой удалося ўбачыць мужа пасля медагляду, калі яго вялі пад рукі назад у залу суда, паведаміла журналістам, што «ён увесь сіні» і «ледзь стаіць на нагах». Паводле Алены Каваленкі, муж паспеў ёй сказаць, што яму зрабілі нейкі ўкол, пасля якога ён страціў прытомнасць. Гэтую інфармацыю зняпраўдзіў перад журналістамі супрацоўнік міліцыі.

Сёння трэці дзень працэсу паводле крымінальнай справы мясцовага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ Сяргея Каваленкі. Ён абвінавачваецца ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Паводле версіі абвінавачання, Каваленка здзейсніў чатыры парушэнні, адбываючы пакаранне паводле выраку суда Кастрычніцкага раёну Віцебску. У траўні 2010 г. гэты суд прыгаварыў апазіцыянера да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебску. Каваленку трымаюць у СІЗА з 19 снежня летась, яму пагражаюць да трох гадоў пазбаўлення волі. На знак пратэсту супраць затрымання актывіст КХП – БНФ абвесціў галадоўку.

21 і 22 лютага слуханні справы так і не пачаліся з-за пастаянных сутычак сваякоў падсуднага з працаўнікамі міліцыі. Сваякі Каваленкі настойвалі на ягонай неадкладнай шпіталізацыі, матывуючы гэта тым, што ён на мяжы смерці ў выніку працяглай галадоўкі. Яны неаднаразова выклікалі ў суд брыгады хуткай дапамогі. Аднак, як сцвярджала суддзя Алена Жук, згодна з заключэннем медыкаў стан здароўя падсуднага дазваляе яму ўдзельнічаць у працэсе.

22 лютага пасля бойкі з удзелам жонкі Каваленкі і супрацоўнікаў міліцыі, якую зафіксавалі фотакарэспандэнты, суддзя прыняла рашэнне праводзіць слуханні без удзелу журналістаў. Сённяшняе пасяджэнне суда пачалося без журналістаў і сваякоў падсуднага. Спробы апошніх трапіць у залу скончыліся тым, што ўсіх, хто прыйшоў, спецназ вывеў на вуліцу. У зале засталіся людзі, якія не маюць да справы і Каваленкі ніякага дачынення.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары