Змітра Дашкевіча паўторна змясцілі ў ШІЗА


Лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча паўторна змясцілі ў штрафны ізалятар глыбоцкай калоніі на 10 дзён. Пра гэта паведаміла нявеста актывіста Наста Палажанка.

Паводле яе, пра паўторнае змяшчэнне ў ШІЗА Дашкевіч паведаміў адвакату падчас сустрэчы, якая адбылася 22 лютага. Сустрэча зноў праходзіла пад пільным кантролем супрацоўнікаў калоніі, таму ён не мог канфідэнцыйна абмеркаваць з адвакатам пытанні юрыдычнага характару і не сказаў, за што зноў змешчаны ў ізалятар.

«Як паспеў паведаміць Дашкевіч, у калоніі ён не можа чытаць Біблію. Нягледзячы на ягоныя неаднаразовыя просьбы, адміністрацыя калоніі адмаўляецца перадаваць яму Біблію», – кажа Наста Палажанка.

Мінулым разам адвакат сустракалася з вязнем у пятніцу, 17 лютага, калі той таксама быў у штрафным ізалятары. Туды асуджанага лідара «Маладога фронту» змясцілі за адмову ўваходзіць у камеру да зняволенага з нізкім сацыяльным статусам, так званага апушчанага. «Паводле турэмных правілаў, гэта аўтаматычна перавяло б самога Дашкевіча ў такі ж статус. Зміцер адмовіўся ўвайсці ў камеру, за што яго змясцілі ў ШІЗА», – сказала Наста Палажанка.

Дашкевіча разам з актывістам «Маладога фронту» Эдуардам Лобавым затрымалі ў Менску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў – 18 снежня 2010 г. Гэтае затрыманне прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную захаду міліцыі напярэдадні выбараў. Маладых людзей прызналі вінаватымі ў збіцці двух менчукоў. 24 сакавіка 2011 г. суд прысудзіў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У верасні актывісту прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

belsat.eu

Стужка навінаў