Апытанне: чаму "говорим", а не размаўляем?


Паводле звестак “Белстату”, апублікаваных да Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага, амаль чвэрць беларусаў (23 %) выкарыстоўвае беларускую мову як размоўную. І ажно 30 % размаўляюць па-беларуску дома.

Відавочна, што дэ-факта сітуацыя значна горшая, але нават з афіцыйных звестак вынікае, што больш за 70 % выкарыстоўваюць расейскую мову як размоўную.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў: што патрэбна, каб яны пачалі размаўляць па-беларуску?

“Няма папулярызацыі гэтай мовы: няма яе на тэлебачанні, няма ў газетах…” – кажа малады чалавек.

“Трэба, каб усе пачалі размаўляць, тады і я буду. Так ужо гістарычна здарылася”, – чакае іншых студэнт.

“Трэба было дзяржаўнаю моваю зрабіць беларускую, і тады б абавязкова – усе ўстановы і дзяржаўныя асобы, у тым ліку тыя першыя, размаўлялі б па-беларуску. Яшчэ і са школы можна было б дамагчыся, каб матчына мова была для нас яшчэ і роднай. Усе мы ідзем шляхам найменшага супраціву”, – кажа мужчына.

“Беларуская гутарка засталася ў вёсках. Нават нашыя бабулі па-расейску размаўляюць, і гэта перадаецца з пакалення ў пакаленне. Я думаю, што ад беларускай мовы практычна нічога не засталося – моладзь яе не ведае. Па сабе ведаю: калі бачу некаторыя кнігі, то ўжо не разумею, што там напісана”, – смяецца дзяўчына.

“Калі дзяржава прыме такі закон, то, натуральна, усе будуць размаўляць па-беларуску. Мне падаецца, што народ саромеецца размаўляць на нашай роднай мове, бо агульная маса размаўляе па-расейску”, – відавочна саромеецца студэнтка.

“Каб на “вярхах” пачалі размаўляць. Гэта ж у Савецкім Саюзе было гэтак прынятае – не хацелі ў Маскве, каб Беларусь была збыт вольная. Мне ўжо 52 гады, але ж мы ўсе выхаванцы Савецкага Саюзу. Мая дачка вельмі добра гутарыць па-беларуску, таму, нягледзячы на бацькоў, мне падаецца, што ідзе да лепшага”, – аптымістычна трымаецца жанчына.

belsat.eu

Стужка навінаў