"Адпачынак" у інтэрнаце?


Прыёмным бацькам прапаноўваюць аддаваць дзяцей на адпачынак у інтэрнаты. Грамадскія актывісты дапамагаюць бацькам сабраць подпісы супраць гэтага.

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Добрая воля” звярнулася да грамадскасці з прапановаю накіраваць ураду ды Адміністрацыі прэзідэнта лісты са скаргамі на ўмовы, у якіх апынуліся прыёмныя дзеці ды іхныя бацькі.

“Рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты Беларусі прадугледжваюць пэўныя сумы на падтрыманне дзяцей-сірот, якія жывуць у прыёмных і апякунскіх сем’ях. У той жа час значная частка прыёмных сем’яў не атрымлівае таго, што ім гарантуе дзяржава, – кажа выканаўчы дырэктар “Добрай волі” Леанід Скарабагаты. – Напрыклад, аздараўленне дзяцей. Часцей за ўсё бацькам прапаноўваюць або аддаць дзяцей на лета ў школьны лагер, або назад у інтэрнат. Калі дзіця з інтэрнату трапляе ў прыёмную сям’ю, бацькам вельмі складана, бо ў такіх дзяцей бываюць дрэнныя звычкі, шмат часу займае адаптацыя. А дзяржава прапаноўвае гэтых дзяцей ізноў вярнуць у інтэрнат на некалькі месяцаў. Перамяшчэнне дзіцяці з сям’і назад у прытулак – вельмі моцная траўма для ўсёй сям’і. Таму большасць прыёмных бацькоў не аддаюць дзяцей у прытулак на час штогадовых вакацыяў. У выніку дзеці застаюцца без аздараўлення, а бацькі без адпачынку. Паводле закону ім мусяць выплаціць кампенсацыю. Але шмат у якіх раёнах гэтае патрабаванне закону ігнаруюць”.

Сярод іншых пытанняў называюць нізкую грашовую дапамогу, праблемы з жыллём і ільготнымі крэдытамі на будаўніцтва. У прэсавай службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны адзначылі, што грашовую дапамогу на дзяцей-сірот пакуль павялічваць не будуць. “Напачатку года ўжо было павышэнне. Прыёмныя бацькі атрымліваюць заробак і плюс – 925 тыс. рублёў для дзяцей да 6 гадоў або 954 тыс. рублёў для дзяцей, старэйшых за 6 гадоў”.

Актывісты таксама прапаноўваюць стварыць агульнарэспубліканскую базу, якая б змяшчала інфармацыю пра дзяцей, што чакаюць усынаўлення. “У Беларусі больш за 14 тысячаў дзяцей гадамі чакаюць усынаўлення, – адзначаецца ў лісце. – У той жа час шмат хто задумваецца пра ўсынаўленне і гатовы ўзяць гэтых дзяцей, але не мае доступу да інфармацыі пра дзецей. Развязаць гэтую праблему магчыма: трэба размясціць у інтэрнэце ў адкрытым доступе інфармацыю пра дзяцей-сіротаў з фатаграфіямі ды персанальнымі звесткамі”.

“Подпісы пад зваротам пра інтэрнэт-банк звестак мы збіраем он-лайн, бо гэта дазваляюць змены ў заканадаўстве. Пакуль сабралі больш за 400 подпісаў, – дадае спадар Скарабагаты. – Што да першага звароту, то мы пачыналі збіраць подпісы пад ім яшчэ летась, калі электронныя звароты не практыкаваліся. Мы працавалі ў 15 раёнах Беларусі, і пакуль падпісаліся каля 200 чалавек. Зараз чакаем, што далучацца людзі і праз інтэрнэт”.

Падпісаць лісты можна тут.

belsat.eu

Стужка навінаў