АБСЕ: Нацыянальны сход – вялікая рэклама для Лукашэнкі


Міжнародныя назіральнікі падрыхтавалі першыя заўвагі наконт правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

Назіральнікі адзначаюць у цэлым спакойны і стрыманы характар выбарчай кампаніі, аднак не змаглі не заўважыць, што магчымасці ў дзейснага прэзідэнта і альтэрнатыўных кандыдатаў розныя.

Старшыня місіі АБСЕ Герт-Гінрых Арэнс адзначае: “Афіцыйныя медыі вельмі шырока асвятляюць дзейнасць прэзідэнта і непрыемна гавораць пра альтэрнатыўных кандыдатаў па тэлебачанні”.

Яскравы прыклад – нібыта непалітычнае ток-шоу “Кухня” на канале АНТ. Штотыдзень чацвёра вядоўцаў абмяркоўваюць прэзідэнцкія выбары. Абразы на свой адрас у праграме пачулі кандыдаты Андрэй Саннікаў, Дзмітрый Вус і Яраслаў Раманчук.

Непакоіць міжнародных назіральнікаў і асвятленне Нацыянальнага сходу на тэлебачанні. “Трохгадзінны маналог Лукашэнкі – магчымасць для вялікай рэкламы. Я буду размаўляць на гэты конт з кіраўніком Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім і казаць пра патрэбу асвятлення дзейнасці апазіцыйных кандыдатаў, і не толькі ў негатыўным ключы”, – падсумаваў Герт-Гінрых Арэнс.

У адрозненне ад прадстаўнікоў АБСЕ, назіральнікі ад СНД ніякага абмежавання правоў альтэрнатыўных кандыдатаў не заўважылі. У прамежкавай справаздачы місіі СНД гаворка ідзе пра тое, што прэзідэнцкая кампанія праходзіць арганізавана, спакойна і без парушэння закону.

belsat.eu

Стужка навінаў