Анархісты - супраць будаўніцтва дамоў для спецназаўцаў


Яны правялі акцыю «За лес без мусора», зашыпаваўшы дрэвы.

Анархісцкія сайты распаўсюдзілі інфармацыю пра акцыю, праведзеную ў менскім раёне Уручча-2. У скверы на скрыжаванні вуліцаў Русіянава і Шугаева анархісты зашыпавалі каля 40 дрэваў. Шыпаванне робіць немагчымым высячэнне дрэваў, бо ў такім выпадку рабочыя могуць атрымаць сур’ёзныя траўмы.

Менскія ўлады плануюць знішчыць сквер, а на яго месцы пабудаваць два шматпавярховыя дамы для спецназаўцаў. Таму ў назве акцыі анархісты выкарысталі абразлівае найменне супрацоўнікаў міліцыі – «Мы за лес без мусора». «У той час як наш народ працягвае заліваць сябе таннаю гарэлкаю, «мусора» ў краіне ўсё больш. Цяпер «мусору» спецыяльнага прызначэння трэба дом пад 5%-ны крэдыт замест лесу», – адзначаецца ў заяве анархістаў.

Спрэчкі вакол меркаванай будоўлі вядуцца з 2005 г. Калі будуць пабудаваныя некалькі новых дамоў, у мікрараёне знікнуць апошнія спартыўныя пляцоўкі і сквер. «Мы не дадзім ператварыць квартал у першамайскае гета, – кажа прадстаўніца ініцыятыўнай групы для абароны скверу Валянціна Мілюціна. – Праводзілася амаль дзесяць грамадскіх абмеркаванняў, і сотні жыхароў Уручча раз за разам выказваліся катэгарычна супраць праекту. Але нам па-ранейшаму навязваюць яго. Людзі гатовыя выходзіць на вуліцу з пратэстамі».

Ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Першамайскага раёну паведамляюць, што праект прайшоў усе патрэбныя ўзгадненні, і яго рэалізацыі нічога не можа перашкодзіць.

belsat.eu

Стужка навінаў