Павал Левінаў: «Палітычны» ў клетцы, злачынец – на свабодзе


Праваабаронца заяўляе, што ўтрыманне Сяргея Каваленкі за кратамі – незаконнае.

«Знаходзячыся на свабодзе, Каваленка не нёс пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маралі насельніцтва, не парушаў правоў і свабодаў іншых асобаў, як парушаў афіцэр МУС на прозвішча Лінкус, які публічна збіў свайго падначаленага, фактычна зрабіўшы яго інвалідам. Вырак у дачыненні Лінкуса ўжо абвешчаны – чатыры гады, але ён дагэтуль на свабодзе», – зазначыў праваабаронца Павал Левінаў.

Каваленку ўтрымліваюць у СІЗА з 19 снежня 2011 г., яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. На знак пратэсту супраць затрымання актывіст КХП – БНФ абвесціў галадоўку. Праваабаронца падкрэслівае, што пераслед Каваленкі мае палітычныя матывы. «Як за вывешванне на ялінцы нацыянальнага сцяга Рэспублікі Беларусь можна атрымаць тэрмін тры гады? Інакш як палітычным выракам гэта не назавеш», – гаворыць Павал Левінаў.

Ёсць у праваабаронцаў і шэраг заўвагаў да таго, як адбываецца судовае паседжанне і як было праведзенае папярэдняе следства. «Перакладчыца ў судзе прызналася, што яна не валодае дастатковымі ведамі для таго, каб кваліфікавана перакладаць, і таксама яна сказала, што яна ж была перакладчыцаю на папярэднім следстве. Гэта гаворыць пра тое, што правы Каваленкі на папярэднім следстве былі парушаныя і, па вялікім рахунку, судовы працэс трэба спыняць і справу накіроўваць ізноў на папярэдняе следства, каб яно праходзіла ў адпаведнасці з заканадаўствам», – мяркуе Левінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў