Падатковая бярэ пад кантроль... аўтаматы з каваю


З 1 ліпеня юрыдычная асобы ды індывідуальныя прадпрымальнікі павінны падключыць гандлёвыя аўтаматы да сістэмы падатковага кантролю. Сістэма, з дапамогай якой падатковыя органы будуць сачыць за продажам гарбаты, кавы, вады ды іншых харчоў праз аўтаномныя аўтаматы з купюрапрыёмнікамі, знаходзіцца на стадыі распрацоўвання.

З 1 ліпеня карыстацца аўтаматамі без касавага абсталявання ці без выкарыстання дадзенай сістэмы будзе забаронена. Каб падключыцца да сістэмы, прадпрымальнікі мусяць падаць заяву ў Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр падаткаў і збораў”.

У Міністэрстве падаткаў і збораў патлумачылі, што ў краіне пакуль адсутнічае механізм перадавання звестак аб працы аўтаматаў. Таму падлічыць, колькі кавы ці чыпсаў праз іх прадаецца, пакуль немагчыма.

У краіне ўсталяваныя прыблізна 2,5 тысячы гандлёвых апаратаў. Большасць з іх прызначаная для продажу тавараў, але пачынаюць распаўсюджвацца аўтаматы, з дапамогай якіх можна сфатаграфавацца, зрабіць ксеракопію або праць бялізну.

„Трымаю тры аўтаматы продажу кавы ды гарбаты ў мястэчку, дзе жыхароў прыблізна 15 тысячаў. Два гады таму, каб пачаць справу, давялося ўкласці 10 тысяч долараў, прыбытак жа пасля дэвальвацыі не перавышае 150 долараў на месяц. Больш прыбытковыя месцы даўно занятыя, але дзякуючы мне жыхары мястэчка маюць доступ да пэўнага камфорту”, – распавяла прадпрымальніца Кацярына Мяснікова. Паводле яе, калі да выдаткаў на збор смецця, рамонт і падаткі дададуцца новыя, ёй нічога не застанецца апрача таго, як прадаць аўтаматы.

belsat.eu

Стужка навінаў