Уладзімір Лабковіч у „Гарачым каментары”


Жыхару Віцебску Сяргею Каваленку закідаецца парушэнне рэжыму “хіміі”, якую актывіст атрымаў за вывешванне на галоўнай плошчы гораду бел-чырвона-белага сцяга. На знак пратэсту летась у снежні ён абвесціў галадоўку, сёння прадэманстраваў яе вынікі. Толькі другая брыгада медычнай дапамогі, якая прыбыла ў суд, прыняла рашэнне шпіталізаваць абвінавачанага. Які лёс працэсу над Каваленкам?

За судом назіраў праваабаронца Уладзімір Лабковіч. Ён кажа, што ўлады зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй скончыць працэс, таму ён працягнецца ўжо заўтра, 22 лютага, нягледзячы на трагічны стан здароўя зняволенага. Паводле праваабаронцы, не ўзнікае сумневаў, што справу сфабрыкавалі, бо ніякіх сур’ёзных парушэнняў з боку Каваленкі не было.

Уладзімір Лабковіч выказвае спадзяванне, што медыкі не будуць уцягвацца ў палітычную расправу над актывістам: „Абсалютна зразумела, што працэс не можа працягвацца, пакуль спадар Каваленка застаецца ў такім жахлівым фізічным стане”.

Аднак, зазначае госць „Гарачага каментара”, усё залежыць ад таго, ці ёсць справа Каваленкі часткаю гульні Аляксандра Лукашэнкі. Суразмоўца нагадвае, што 27 лютага ў Бруселі будзе чарговы раз разглядацца пытанне аб санкцыях у дачыненні беларускага рэжыму. Праўда, праваабаронца схіляецца ўсё ж да песімістычнага прагнозу.

belsat.eu

Стужка навінаў