Паплечнікі Вуса растлумачылі Лукашэнку змены ў заканадаўстве


Менгарвыканкам чарговы раз не дазволіў правесці сходу ініцыятыўнай групы дзеля змены выбарчага заканадаўства. Але яе ўдзельнікі на наступным тыдні маюць намер падаць заяўку трэці раз.

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня аргкамітэту, кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах 2010 г. Дзмітрый Вус 21 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску.

На ягоную думку, гарвыканкам адмовіў у правядзенні сходу “з фармальных прычынаў”. Вус нагадаў, што асноўная мэта аргкамітэту – “змена выбарчай сістэмы, якая абараніла б простых людзей ад падману ўладаў падчас выбараў”. Прапанаваныя папраўкі ў Выбарчы кодэкс дазволілі б цалкам кантраляваць працэс галасавання і падліку галасоў.

Разам з тым экс-кандыдат на прэзідэнцтва не спадзяецца “на лаяльнасць уладаў, якія раптам зацікавяцца правядзеннем дэмакратычных выбараў”. “У нас ёсць два шляхі пераходу ўлады – рэвалюцыйны і дэмакратычны. У дэмакратычным ўлада не зацікаўленая”, – падкрэсліў Вус.

На ягоную думку, за месяц да выбараў у Палату прадстаўнікоў адміністрацыі раённых выканкамаў Беларусі прапануюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты на зацверджанне прэзідэнту. “Тых, хто не жадае ўдзельнічаць у гэтым шоу, я запрашаю ў нашую кааліцыю”, – заявіў палітык.

Сябра ініцыятыўнай групы, выканальнік абавязкаў старшыні аргкамітэту ў стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Аляксей Гаўруцікаў падчас прэс-канферэнцыі зачытаў зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі ды палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, якія дзеюць у Беларусі. Зварот растлумачвае прапанаваныя змены ў выбарчае заканадаўства.

belsat.eu

Стужка навінаў