Алена Каваленка: Сумняюся, што Сяргей дажыве да канца суда


Жонка палітвязня Сяргея Каваленкі кажа, што ён будзе трымаць галадоўку, пакуль не страціць прытомнасць

Сёння, 21 лютага, у судзе Першамайскага раёну Віцебску распачалося слуханне крымінальнай справы супраць мясцовага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі.

Паводле жонкі палітвязня, ён застаецца ў вельмі дрэнным стане: „Я думаю, ён знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці <…> Думаю, сухая галадоўка набліжае ўсё да заканчэння. Ці вытрымае ён наогул гэтыя чатыры дні суда, у мяне вельмі вялікі сумнеў на гэты конт”.

Алена Каваленка кажа, што ейны муж у сваёй барацьбе вырашыў ісці да канца. „Я думаю, яны мэтанакіравана вядуць Сяргея да смерці. Як мінімум [да таго], каб знішчыць яму здароўе. Каб на волі іншых думак, апрача таго, як выжыць, у яго не было”.

Жонка ўпэўненая, што Каваленка не будзе прымаць вады і ежы, пакуль яму не зменяць меру стрымання. „Ён будзе трымаць галадоўку, пакуль у яго хопіць моцы, пакуль не страціць прытомнасці”.

У першай палове дня суд Першамайскага раёну Віцебску фактычна не змог пачаць разгляду матэрыялаў крымінальнай справы. Паколькі падсудны размаўляе па-беларуску, у залу дзеля перакладу выклікалі выкладчыцу беларускай мовы мясцовай школы. Аднак пасля прэтэнзіяў да яе з боку падсуднага і абароны яна заявіла самаадвод, і суд яго прыняў. Таксама ў суд выклікалі брыгаду хуткай медычнай дапамогі, якая канстатавала, што з Каваленкам усё ў парадку.

Паседжэнне суда пасля перапынку пачалося з патрабавання Каваленкі абвесціць ягоныя правы на беларускай мове. Гэта зрабіў новы перакладчык, працаўнік кафедры філалогіі Віцебскага дзяржуніверсітэту.

Пасля таго, як абвінавачваны заявіў хадайніцтва аб допуску да яго дактароў, ізноў абвесцілі перапынак. Каля 15:00 прыбыла машына хуткай дапамогі – з тою ж брыгадаю, што прыязджала да абеду. Не давяраючы гэтым медыкам, родныя Каваленкі выклікалі яшчэ адну брыгаду хуткай дапамогі.

Медыкі прыехалі, аднак іх спачатку не пускалі ў залу суда. Толькі пасля патрабаванняў грамадскасці ды сваякоў новую брыгаду дапусцілі да падсуднага.

Тым часам сваякі Каваленкі патэлефанавалі на гарачую лінію абласнога кіраўніцтва аховы здароўя і паведамілі, што падсудны знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці, але яго не хочуць шпіталізаваць.

Затым з залы суда выйшлі абедзве брыгады хуткай меддапамогі, пад канвоем вывелі Каваленку. Ён паспеў крыкнуць: “Доктар сказаў, што трэба шпіталізаваць”.

На гарачай лініі абласнога кіраўніцтва аховы здароўя сваякам паведамілі, што Каваленку павезлі ў шпіталь СІЗА, аднак потым высветлілася, што яго нікуды не адвезлі, а трымаюць у каравульным памяшканні будынку суда ў чаканні афіцыйнага заключэння медыкаў.

Каля 17:00 Каваленку вярнулі ў залу, і працэс аднавіўся. Суддзя зачытала даведкі, выдадзеныя дзвюма брыгадамі хуткай дапамогі, якіх сёння выклікалі ў суд. У адной з іх гаворыцца, што стан Каваленкі без змяненняў, аднак ёсць адхіленні ў аналізе крыві. Медыкі другой хуткай рэкамендавалі правесці больш дакладнае абследаванне. У выніку суддзя прыняла рашэнне правесці медычнае абследаванне Каваленкі, пасля чаго аднавіць працэс.

Каваленку затрымалі летась 19 снежня і змясцілі ў Віцебскі следчы ізалятар – у межах крымінальнай справы паводле арт. 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Падставаю для крымінальнага пераследу сталі чатыры парушэнні, якія Каваленка нібыта здзейсніў, адбываючы пакаранне, прызначанае судом Кастрычніцкага раёну Віцебску. У траўні 2010 г. суд даў яму 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ялінцы Віцебску 7 студзеня. Гэты ўчынак суд кваліфікаваў як “наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства”.

На знак пратэсту супраць незаконнага затрымання Сяргей Каваленка 20 снежня абвесціў галадоўку, якую, як кажуць родныя, трымае да гэтага часу, нягледзячы на спробы адміністрацыі калоніі карміць яго прымусова. Сваякі моцна непакояцца за ягонае здароўе.

belsat.eu

Стужка навінаў