Кансультацыю наконт рака грудзі дадуць праз інтэрнэт


У Сеціве з’явяцца мамалагічныя кабінеты.

Паводле галоўнага тэрапеўта Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Алены Філіпавай, да канца 2010 г. з’явіцца лакальная сетка, якая аб’яднае мамаграфічныя кабінеты сталічных медустановаў.

“Стварэнне сеткі дазволіць перадаваць вынікі мамаграфічных абследаванняў у сталічны анкадыспансер адразу па электроннай пошце. Апроч таго, з’явіцца магчымасць праводзіць тэлемедычныя кансультацыі”, – адзначыла чыноўніца.

Мамаграфія праводзіцца для ранняй дыягностыкі пухлінаў малочных залозаў. Анколагі рэкамендуюць прайсці гэтае абследаванне жанчынам, старэйшым за 40 гадоў. Пік захворвання на рак малочнай залозы прыпадае на ўзрост 45–85 гадоў.

Сёння ў Менску мамалагічныя кабінеты працуюць усяго ў пяці медычных установах. Чарга на агляд складае каля двух месяцаў. А папярэдні агляд мае рэкамендацыйны характар.

“Колькасць выпадкаў захворвання на рак малочнай залозы расце з кожным годам. Адна з асноўных прычынаў – хваробу, як кажуць, не папярэдзілі, не зрабілі прафілактыкі, – распавядае генеральны сакратар Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын Ірына Альхоўка. – Да 40% хворых можна было б пазбегчы, калі б жанчыны прайшлі напачатку медычны агляд. Менавіта таму мы выступаем за тое, каб мамалагічны агляд быў абавязковы, як і флюараграфія. Нашы людзі церпяць хваробу да таго часу, пакуль могуць цярпець. І лячыцца яны прыходзяць, як правіла, з трэцяю ці нават чацвёртаю ступенню раку, калі выздараўленне гарантаваць складана”.

belsat.eu

Стужка навінаў