Мартынава не запрасілі ў Прагу


Кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў не запрошаны на сустрэчу міністраў замежных справаў Вышаградскай групы і краінаў “Усходняга партнёрства”, якая адбудзецца 4 сакавіка ў Празе. Пра гэта паведаміў журналістам амбасадар у асобых даручэннях МЗС Чэхіі Пэтр Марэш. Ён не стаў агучваць умоваў, на якіх Мартынава могуць запрасіць у Прагу, але ўдакладніў: “Абодва бакі ведаюць, што трэба зрабіць, каб гэта адбылося”.

Чэшскі амбасадар паведаміў, што наведваў Менск з двухдзённым візітам, падчас якога сустрэўся з прадстаўнікамі МЗС, міністэрстваў культуры і адукацыі, БДУ і Нацыянальнай Акадэміі навук. Марэш, у прыватнасці, сустракаўся з начальнікам кіраўніцтва агульнаеўрапейскай супрацы МЗС Раманам Раманоўскім.

“Як заўсёды на ўсіх сустрэчах, мы закранулі тое, што называем праблемамі ў нашых дачыненнях, – гэта агульнапрынятыя каштоўнасці. Але згаданая тэма гэтым разам не развівалася”, – заявіў Марэш. На пытанне, ці падымалася падчас перамоваў тэма палітвязняў, дыпламат адказаў адмоўна.

Разам з тым ён падкрэсліў, што пазіцыя Чэхіі ды Еўразвязу ў гэтай праблеме даўно агучаная і застаецца нязменная: “Вызваленне палітзняволеных – гэта першы крок для развіцця супрацы паміж ЕЗ і Беларуссю”.

belsat.eu

Стужка навінаў