Японія: пацярпелым ад цунамі вяртаюць… фотаздымкі


У японскі горад Офу-нато з’язджаюцца дзясяткі валанцёраў, каб дапамагчы рассартаваць і вярнуць уладальнікам фота, знойдзеныя падчас разбору завалаў ад цунамі ў сакавіку 2011 г.

Ратаўнікі ды рабочыя, што працавалі ў рэгіёне, разбураным стыхіяй, нярэдка захоўвалі ды перадавалі мясцовым уладам знойдзеныя ў завалах сапраўдныя сямейныя рэліквіі – фотаздымкі. Агулам такіх фота назбіралася каля 350 тысячаў. Адмыслоўцы змясцілі іх у лядоўні, каб цвіль і бактэрыі не знішчылі фотаздымкаў, потым кожны здымак уручную вычышчаецца і прасушваецца. Сярод фота шмат картак з выявамі дзяцей, з сямейнымі ўрачыстасцямі, трапляюцца і старыя партрэтныя чорна-белыя фотаздымкі.

“Я сапраўды пачынаю разумець глыбіню і значэнне кожнага фотаздымка. І я хачу дапамагчы вярнуць уладальнікам столькі фотаздымкаў, колькі магчыма”, – гаворыць Сато-ко Кінно, што займаецца кансервацыяй ды ўзнаўленнем фотаздымкаў.

Адноўленыя здымкі пакуюцца ў фотаальбомы ды, калі гэта магчыма, групуюцца паводле геаграфічных месцаў, дзе яны былі зробленыя, а потым ахвотныя дапамагчы шукаюць на іх знаёмыя твары і мясціны. “Мне вярнулі адзін фотаздымак, і я за гэта вельмі ўдзячная. Калі я яго ўкладала ў невялікую рамку, на вочы нагарнуліся слёзы”, – гаворыць 77-гадовая Ёсіко Дзінда, дом якой быў цалкам знішчаны цунамі.

belsat.eu
https://youtu.be/8CAqLgngt94

Глядзі таксама
Каментары