Белстат: беларускамоўных – 23 %


Беларускую мову як размоўную выкарыстоўваюць 23 % насельніцтва Беларусі. Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца сёння.

Звесткі атрыманыя ў выніку перапісу насельніцтва Беларусі 2009 г. Пры гэтым у якасці роднай запісвалася мова, якую сам рэспандэнт лічыў роднаю, або мова, засвоеная ім у раннім дзяцінстве.

Падчас перапісу беларускую мову назвалі роднаю 60 % жыхароў краіны (5 млн 58 тыс. чалавек), аднак дома на ёй размаўляюць толькі 30 % насельніцтва.

Разам з тым, як паказаў перапіс, большая частка насельніцтва Беларусі (70 %) аддае перавагу зносінам на расейскай мове — на ёй размаўляюць 96 % расейцаў, 88 % украінцаў, 70 % беларусаў і 51 % палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Беларускую мову як гутарковую выкарыстоўваюць 23 % насельніцтва. Толькі 26 % беларусаў размаўляюць у хаце па-беларуску, затое ў якасці гутарковай яе выкарыстоўваюць 41 % палякаў, якія жывуць у Беларусі.

Сёння з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы адбудзецца Агульнанацыянальная дыктоўка. Напісаць дыктоўку можна ў сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Менску (21 лютага а 17:30), падчас іншых арганізаваных спатканняў, на ўроках літаратуры, слухаючы радыё ці праз інтэрнэт. Таксама кожны можа далучыцца да акцыі з дапамогаю відэадыктоўкі, што прачытаная славутаю беларускаю тэлевядоўцаю Зінаідаю Бандарэнкаю.

belsat.eu

Стужка навінаў