Якіх санкцыяў насамрэч баіцца Лукашэнка?


https://youtu.be/0vn-dIZonPw
“Фактычна кіраўнік дзяржавы прадэманстраваў свой неадэкватны псіхічны стан. Як толькі ён пачынае вось так казаць – гэта значыць, яго зноў напампавалі нейкімі дакладнымі пра пагрозу ягонаму жыццю і ўладзе”, – заявіў палітолаг Уладзімір Падгол, каментуючы “Белсату” выказванні Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўручэння даверчых граматаў замежнымі амбасадамі.

“Вось гэтыя санкцыі, якімі вы, еўрапейцы, размахваеце перад нашым носам… Вы ж зразумейце: мы пакуль трываем. Але калі вы пяройдзеце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка, – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Нават калі мы застанемся ў адзіноце без Расеі, без Кітаю, без іншых нашых сяброў, паверце: мы насмерць будзем стаяць тут, як некалі ў 1941–1945 гады, баронячы сваю незалежнасць, свой суверэнітэт”.

Палітолаг Уладзімір Падгол падкрэслівае, што санкцыі, уведзеныя Еўразвязам у дачыненні афіцыйнага Менску, насамрэч – усяго толькі “некаторыя абмежаванні для чыноўнікаў” ды “абмежаванні ў фінансавых пытаннях для некаторых “гаманцоў” Лукашэнкі”. Тым не менш, вострыя паводле тону заявы Лукашэнкі палітолаг лічыць ультыматумам і пагрозамі.

“Сапраўдныя санкцыі, і пра іх амаль ніхто не гаворыць, гэта абсалютная блакада для беларускіх тавараў”, – падкрэслівае эксперт.

Паводле Уладзіміра Падгола, такое пытанне ўпершыню публічна паставіў прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук, якога ў выніку выклікалі ў пракуратуру і папярэдзілі. “Сэнс заяваў Ярашука ў тым, што, маўляў, калі вы не зарэгіструеце і будзеце цкаваць незалежных прафсаюзнікаў, у прыватнасці, на “Граніце” ў Мікашэвічах, тады мы паставім пытанне – і нашыя калегі ў Еўразвязе заблакуюць разгрузку і пагрузку беларускіх тавараў, – гаворыць Уладзімір Падгол. – Вось тут яны сур’ёзна напалохаліся, і Лукашэнка – таксама, да яго гэта дайшло. Татальная пагроза рэальных санкцыяў – гэта спалучэнне дзеянняў і прафсаюзаў, і палітычныя акцыі кшталту ўвядзення татальных эканамічных санкцыяў. Як толькі падобнае адбудзецца, продажы толькі ў адной пазіцыі, нафтапрадуктах, – гэта адразу страты недзе $ 7 млрд на год”.

Аднак эксперт зазначае, што татальныя эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску пакуль не разглядаюцца, аднак “ініцыятыва знізу” можа стацца рэальнасцю. “Гэта палохае Лукашэнку. Хутчэй за ўсё, Савет бяспекі кладзе яму гэтыя паперы – як выклікі ды пагрозы. І адсюль ягоная істэрыка”, – дадаў Уладзімір Падгол.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары