Менчукі імкнуцца здаваць кватэры легальна


Больш за 41 тыс. менчукоў, якія здаюць кватэры, зарэгістраваныя на пачатак 2012 г. у Менску. Калі параўнаць з мінулым годам, то іх колькасць вырасла на 5 тыс.

Як заўважае Святлана, спецыялістка ў пытаннях арэнды агенцтва нерухомасці «Наваселле», апошнім часам менчукі зразумелі неабходнасць дамовы на арэнду кватэраў і добраахвотна іх заключаюць.

«Гаспадары перажываюць за сваю ўласнасць, таму імкнуцца абараніць яе паводле закону. Бывалі выпадкі, калі ў ранейшыя гады кватаранты звозілі з сабою нават плінтусы з арэндаванага жытла. Мы ў сваю чаргу таксама не можам праверыць сумленнасць кліентаў і раім гаспадарам нерухомасці перастрахавацца з дапамогаю заключэння дамовы. Падатак, які ў такім выпадку даводзіцца плаціць, прымальны. У залежнасці ад размяшчэння дому ён можа складаць ад 1 да 2 базавых велічыняў. Вядома, з 1 красавіка, калі базавая велічыня адчувальна вырасце, сітуацыя можа змяніцца», – заўважае жанчына.

Падатковыя органы сталіцы за мінулы год правялі 784 правярання, каб выявіць менчукоў, якія здаюць жытло без дамовы. Гэтак, толькі інспекцыя Першамайскага раёну Менску налічыла падаходны падатак са студзеня 2009 да лістапада 2011 г. памерам 7,5 млн руб. і пені за несвоечасовае выканне падатковых абавязацельстваў на 3,75 млн руб.

Паводле спецыялісткі агенцтва нерухомасці, выбар кватэраў для доўгатэрміновай арэнды ў сталіцы вельмі шырокі, але апошнім часам зменшылася колькасць ахвотных наняць жытло. Попытам карыстаюцца танныя варыянты – кватэры за 180–200 долараў.

belsat.eu

Стужка навінаў