Апытанне: пойдзем на вайну?


Сёння Аляксандр Лукашэнка прыняў амбасадараў шэрагу замежных дзяржаваў, у тым ліку еўрапейскіх. Узгадаўшы візавыя санкцыі, уведзеныя Еўразвязам, кіраўнік краіны параіў Еўропе «не нахіляць» Беларусь. І прыгразіў: «Нават калі мы застанемся ў адзіноце, без Расеі, Кітаю, без іншых нашых сяброў, то, паверце, мы тут да смерці будзем стаяць, як калісьці ў 1941–1945 гады, абараняючы вас, абараняючы нашую незалежнасць і суверэнітэт».

«Белсат» занепакоіла перспектыва збройнага канфлікту з 27 еўрапейскімі дзяржавамі, і журналісты запыталі ў менчукоў, што яны думаюць пра заявы прэзідэнта і ці можа ён разлічваць на іхнае падтрыманне.

«Вядома, гатовыя! Гэта нашая краіна, мы тут нарадзіліся і мы на ўсе сто адсоткаў за [Лукашэнку]! Патрыятызм, пачуццё абавязку перад краінаю…» – запэўнілі маладыя людзі.

«У прынцыпе так, я таксама згодная, што Беларусь вытрымае ўсе выпрабаванні. Таму няма чаго… Увогуле, хай гэты ўвесь Захад у сябе разбіраецца, а Беларусь не кранаюць», – падтрымлівае пазіцыю прэзідэнта пажылая жанчына.

«Я ўвогуле супраць вайны, таму я не адчуваю чагосьці добрага ад ягоных словаў. Я, вядома, не веру, што ён пойдзе ваяваць, але думаю, што не пайду ваяваць», – кажа студэнт.

«У свой час казалі: абы не было вайны. А ваяваць… за што ваяваць? Не зразумела», – прыгадаў адвечную беларускую мудрасць пажылы чалавек.

«Я супраць любой вайны. Трэба развязваць любыя пытанні мірным шляхам», – упэўненая жанчына.

«Падтрымаць Аляксандра Рыгоравіча? Ой, не ведаю… Можна, я не буду на такія пытанні адказваць?» – не захацеў падзяліцца сваёй пазіцыяй малады чалавек.

«За яго [Аляксандра Лукашэнку] – так, я пайшоў бы ваяваць», – адрэзаў чарговы апытаны.

«Ваяваць? Навошта ваяваць? Мы ж мірныя людзі. Сумняюся, што да гэтага дойдзе і хтосьці пойдзе ваяваць», – кажа мужчына

«Несумненна. І ўсё, што ён казаў тым паслам, я таксама падтрымліваю. Чаму? Ну як чаму – іншага выйсця няма, толькі так трэба», – падкрэсліў пажылы мужчына.

«Не. Бо навошта ўжо ўспамінаць 1941–1945 гады і ўвесь час спекуляваць на гэтым. Таму я не згодны. Народ яго не падтрымае, бо рэйтынг у яго ўжо не той, каб ішлі за яго ваяваць», – упэўнены мужчына.

«Я, карацей, супраць вайны… За людзей, за краіну – так, але не за прэзідэнта», – пайшоў бы ваяваць наступны рэспандэнт.

«Не, калі казаць пра Лукашэнку, то не. Я хачу, каб нашая краіна трохі развівалася, і не хачу вайны, а хачу, каб была дружная краіна», – заявіў мужчына і тут жа перадумаў: «Але «Бацьку» я хачу падтрымаць, бо ён малайчына з іншага боку. Добры ён мужык, карацей. Разам з ім пайду ваяваць. Іншага выйсця няма».

belsat.eu

Стужка навінаў