У Год кнігі прыватным выдаўцам не дапамогуць


А вось дзяржаўным дадуць субсідыі.

У Беларусі рыхтуюцца рашэнні пра тое, каб рэзка падняць стаўку адзінага падатку і фіксаваны падатак на дададзеную вартасць (ПДВ). Эксперты адзначаюць, што гэта прывядзе да рэзкага росту цэнаў на кнігі. А гэта яшчэ больш пагоршыць стан выдаўцоў, якія і без таго лічаць страты ад крызісу ў 2011-м.

«У краіне абвешчаны Год кнігі, мы чакалі з гэтай нагоды канкрэтных станоўчых зрухаў для кнігавыдаўцоў і распаўсюджвальнікаў у Беларусі – змяншэння падаткаў, але можа адбыцца наадварот – падатак павялічаць», – кажа генеральны дырэктар прыватнага выдавецтва «Макбел» Дзмітрый Макараў. Паводле яго, гэта можа аказацца сапраўднаю праблемаю для кніжнай галіны краіны.

Цікава, што ва ўсіх найбуйнейшых дзяржавах свету ПДВ на кніжную прадукцыю адсутнічае. «Бо ўсе разумеюць, што кнігі – гэта культура нацыі, таму і прымаюцца такія крокі, каб папулярызаваць выданні, дапамагаць ім», – кажа кнігавыдавец.

Дырэктар прыватнага выдавецтва «Беларускі кнігазбор», якое друкуе шматтомную серыю твораў беларускай літаратуры, таксама не заўважыў, каб дзяржаўная праграма неяк змяніла правілы гульні на рынку. Генадзь Вінярскі адзначыў: «Мерапрыемствы да Года кнігі могуць адбіцца хіба што на дзейнасці дзяржаўных выдавецтваў. Субсідуецца, напрыклад, выпуск кніг са школьнай бібліятэкі. Ніякай дапамогі прыватным выдавецтвам не прадугледжваецца».

belsat.eu

Стужка навінаў