Апазіцыя рыхтуе назіральнікаў на парламенцкія выбары


Актывісты спадзяюцца трапіць не толькі ў выбарчыя камісіі, але і ў Цэнтравыбаркам.

Беларуская партыя «Зялёныя», Партыя БНФ і рух «За свабоду» абвясцілі кампанію «Народны кантроль – за сумленныя выбары!». Усе яны – зарэгістраваныя арганізацыі, якія могуць самастойна вылучаць прэтэндэнтаў на ўдзел у камісіях і назіральнікаў па ўсёй Беларусі.

Апазіцыя спадзяецца трапіць на 25–30 % акругаў. Гаворка вядзецца пераважна пра тыя акругі, дзе будуць балатавацца партыйныя кандыдаты, якія возьмуць на сябе абавязак зняцца за некалькі дзён да галасавання, калі ў краіне на той момант застануцца палітвязні. На сёння гэта асноўнае патрабаванне, якога прытрымліваюцца апаненты Лукашэнкі.

Асноўная ідэя ініцыятывы – прыцягнуць як мага больш беларусаў да назірання і кантролю за выбарчаю кампаніяй у Палату прадстаўнікоў, паведаміў намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў.

«Задача нашай кампаніі, – удакладніў ён, – даць магчымасць людзям самім паварыцца ў гэтым катле, паназіраць за працэсам знутры і, натуральна, зрабіць свае высновы. Мы будзем лічыць, што нашая кампанія дамаглася сваёй мэты, калі па яе выніках ужо менш за 50 % будуць лічыць, што выбары ў нас ёсць, а большасць народу пабачыць на свае вочы, што сапраўдных выбараў няма».

Лялькоў паведаміў пра пачатак набору валанцёраў. «Пасля пэўнай падрыхтоўкі яны будуць вылучацца ад нашых арганізацыяў у выбарчыя камісіі, перш за ўсё ўчастковыя, на ўзроўні якіх адбываюцца ўсе фальсіфікацыі», – заявіў ён.

Праваабаронцы вітаюць такую ініцыятыву апазіцыі, аднак рыхтавацца да маніторынгу выбараў будуць самастойна. «Супольна з Беларускім Хельсінкскім камітэтам мы будзем праводзіць кампанію «Праваабаронцы за свабодныя выбары», – кажа намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. – Мы арыентуемся на сілы сваіх арганізацыяў, сярод іх і будзем праводзіць навучанне. Цяпер мы рыхтуем да выдання адмысловы дапаможнік. Партыйныя назіральнікі таксама могуць з ім пазнаёміцца і ўзяць карысную для сябе інфармацыю».

belsat.eu

Стужка навінаў