Лукашэнка: Беларусь будзе змагацца з Еўропаю, як у 1941-м


Ён заклікаў Еўропу выбудоўваць раўнапраўныя дачыненні, заявіўшы пра магчымы жорсткі адказ на ўзмацненне санкцыяў супраць беларускай дзяржавы.

“Зразумейце: гэтыя санкцыі, якімі вы размахваеце перад нашым носам, мы пакуль цярпім. Але як толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак у Менску, размаўляючы з амбасадарамі шэрагу замежных дзяржаваў, у тым ліку еўрапейскіх, пасля ўручэння імі даверчых граматаў.

“Калі ў Еўропе нехта думае пра тое, што нас па-ранейшаму можна “нахіліць” нейкімі санкцыямі, папрокамі, патрабаваннямі, то гэта дарога ў нікуды, – цытуе прэзідэнта Беларусі “Интерфакс-Запад”. – Нават калі мы застанемся ў адзіноце, без Расеі, Кітаю, без іншых нашых сяброў, то, паверце, мы тут да смерці будзем стаяць, як калісьці ў 1941–1945 гады, абараняючы вас, абараняючы нашую незалежнасць і суверэнітэт, – падкрэсліў Лукашэнка. – Мы проста хочам быць такія, як вы: свабодалюбныя, незалежныя і адказныя перад сваім народам”, – растлумачыў кіраўнік краіны.

Ён падкрэсліў, што Беларусь не стварае “абсалютна ніякіх праблемаў ні суседзям, ні далёкім краінам”: “Я не разумею, якія могуць быць да нас прэтэнзіі?”

“Мы разумеем, што камусьці не падабаецца, што мы тут робім. Але, можа быць, і нам нешта не падабаецца, але мы ж спакойна вытрымліваем пазіцыю, мы нікога не папракаем”, – заявіў Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што “мы не менш дэмакратычныя, чым вашыя дзяржавы”. І паведаміў, што адступаць ад свайго курсу не збіраецца, “пакуль яго абірае народ”.

На заканчэнне Лукашэнка заявіў, што Беларусі хапае супрацы з Расеяй, Кітаем, Індыяй, Цэнтральнай Азіяй. “Тут – цэнтр Еўропы. Супраць каго вы змагаецеся? Супраць свайго “сэрца”?” – запытаў прэзідэнт і ў выніку прапанаваў амбасадарам: “Давайце сябраваць”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары