Кавалёва: У маім сэрцы зацеплілася надзея, што сына не расстраляюць


Маці асуджанага на смерць Уладзіслава Кавалёва спадзяецца, што пазіцыя Адміністрацыі прэзідэнта паўплывае на лёс ейнага сына.

“У маім сэрцы зацеплілася надзея, што сына не расстраляюць, пакуль скаргу ў дачыненні яго не разгледзяць у Камітэце правоў чалавека ААН”, – сказала Любоў Кавалёва, каментуючы адказ на свой зварот да кіраўніка дзяржавы.

1 лютага маці Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбаю праверыць на адпаведнасць Канстытуцыі Крымінальна-выканаўчы кодэкс, які не прадугледжвае прыпынення смяротнага пакарання ў сувязі са зваротам асуджанага ў міжнародныя інстанцыі дзеля абароны сваіх правоў.

У сувязі з гэтым Кавалёва асцерагаецца, што прысуд у дачыненні ейнага сына, абвінавачанага ў справе аб тэракце ў менскім метро, можа быць выкананы да канчатковага разгляду ў Камітэце правоў чалавека ААН, куды звярнуліся яна і ейная дачка.

У Канстытуцыйным судзе жанчыне адказалі, што права на зварот сюды маюць толькі адмыслова ўпаўнаважаныя Канстытуцыяй органы.

6 лютага Кавалёва разаслала лісты тым, хто мае паводле закону права звяртацца ў Канстытуцыйны суд: Савету Міністраў, абедзвюм палатам Нацыянальнага сходу, у Вярхоўны Суд і прэзідэнту. Яна прасіла іх накіраваць у КС выснову аб неадпаведнасці названага кодэксу Канстытуцыі краіны і факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

18 лютага Кавалёва атрымала адказ з аддзелу ў пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта. У ім сказана, што на ейную прапанову “мэтазгодна правесці комплексны прававы аналіз заканадаўства з удзелам кампетэнтных дзяржаўных органаў”.

У сваю чаргу праваабаронца Раман Кісляк, які кансультуе маці Кавалёва ў прававых пытаннях, адзначыў: чалавек, які звярнуўся па абарону сваіх правоў у міжнародныя інстанцыі, мусіць мець магчымасць атрымаць адказ на свой зварот. “Без гэтага такое канстытуцыйнае права – пустая дэкларацыя”, – падкрэсліў ён.

Праваабаронца нагадаў, што адсутнасць у беларускім заканадаўстве механізму прыпынення ў такіх выпадках выключнай захады пакарання ўжо прывяла да пакарання смерцю Васіля Юзэпчука і Андрэя Жука – у 2010 г., а таксама Алега Грышкаўцова і Андрэя Бурдыкі – у 2011 г. “Гэта адбылося нягледзячы на тое, што іхныя справы ў Камітэце правоў чалавека ААН былі зарэгістраваныя і працэдура іх разгляду на сённяшні дзень яшчэ не завершаная”, – падкрэсліў Кісляк.

belsat.eu

Стужка навінаў