«Дыктатар» у Менску


Гэты дыктатар паходзіць са Швецыі і зацікавіць перадусім малых беларусаў, тым болей што баяцца яго не трэба.

Вядомы шведскі дзіцячы пісьменнік Ульф Старк распавёў у менскай галерэі «Ў» пра персанажа сваёй кнігі, а дакладней пра яе беларускі пераклад.

Як ён заявіў, прэзентуючы свой твор, кожную дзіцячую кніжку можна чытаць і дзецям, і дарослым, і «ў дзіцячай кніжцы можна напісаць пра тое, пра што не напішаш у дарослай». У кнізе «Дыктатар» размова ідзе пра малога хлопчыка, што, як яму здаецца, камандуе ўсім і ўсімі, насамрэч падпарадкоўваючыся ўсім тым абставінам, у якія яго ставяць дарослыя і навакольны свет.

Аўтар падкрэслівае, што пішучы гэтую кнігу не думаў пра нейкі канкрэтны дыктатарскі рэжым: «Я хацеў напісаць кнігу і для дарослых, каб тыя нешта вынеслі з яе, і пра тое, што дзеці маюць тэндэнцыю загадваць і вырашаць самі, што ім рабіць. Іншая рэч, што чытач можа трактаваць кнігу, як яму больш хочацца».

Паводле перакладчыцы кнігі Насты Лабады, твор чытаецца вельмі лёгка, бо дзеці – гэта тое, што аб’ядноўвае нас усіх.

«Кожны ў дзяцінстве мае права прымяраць любы вобраз. Гэта можа быць вобраз зайчыка, феі або нават дыктатара. Галоўнае, ужыцца ў гэты вобраз, каб потым у дарослым жыцці ён не спрабаваў самавызначыцца. І каб гэта не прывяло да псіхалагічных праблемаў», – дзеліцца ўражаннямі перакладчыца.

Аўдыяверсію «Дыктатара», даступную для праслухоўвання праз «iPhone», можна бясплатна сцягнуць тут.

belsat.eu

Стужка навінаў