Любоў Кавалёва атрымала адказ з Адміністрацыі прэзідэнта


Аддзел грамадзянства і памілавання лічыць «мэтазгодным правядзенне прававога аналізу заканадаўства паводле звароту маці асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва».

1 лютага Любоў Кавалёва звярнулася ў Канстытуцыйны суд (КС) Беларусі з просьбаю разгледзець на адпаведнасць Канстытуцыі Крымінальна-выканаўчы кодэкс, які не прадугледжвае прыпынення смяротнага пакарання ў звязку са зваротам асуджанага ў міжнародныя інстанцыі дзеля абароны сваіх правоў.

У звязку з гэтым Кавалёва асцерагаецца, што прысуд у дачыненні ейнага сына, абвінавачанага паводле справы аб тэракце ў менскім метро, могуць выканаць да таго, як адбудзецца канчатковы разгляд справы ў Камітэце правоў чалавека ААН, куды звярнуліся яна і яе дачка.

У КС жанчыне адказалі, што права на зварот у Канстытуцыйны суд маюць толькі адмыслова ўпаўнаважаныя Канстытуцыяй органы.

6 лютага Любоў Кавалёва разаслала лісты ў арганізацыі, якія згодна з законам права маюць звяртацца ў КС: Савет Міністраў, абедзве палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд і прэзідэнт. Яна прасіла іх накіраваць у КС заключэнне аб неадпаведнасці кодэксу Канстытуцыі краіны і факультатыўнаму пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Адказ паступіў пакуль толькі з аддзелу грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта. У ім сказана, што на прапанову Любові Кавалёвай «мэтазгодны комплексны прававы аналіз заканадаўства з удзелам кампетэнтных дзяржаўных органаў», паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, які кансультуе жанчыну ў прававых пытаннях.

Смяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву Вярхоўны суд вынес 30 лістапада 2011 г. 7 снежня асуджаны падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Маці і сястра Кавалёва накіравалі ў Камітэт правоў чалавека ААН скаргу на парушэнне права на жыццё. У ёй указвалася на парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору. Скарга была афіцыйна зарэгістраваная ў Камітэце правоў чалавека ААН 15 снежня. Камітэт ААН, у сваю чаргу, звярнуўся да ўладаў Беларусі з просьбаю не прыводзіць у выкананне смяротнага прысуду Кавалёву, пакуль скарга не будзе разгледжаная.

16 лютага Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Аляксандра Лукашэнку памілаваць Уладзіслава Кавалёва і другога фігуранта крымінальнай справы Дзмітрыя Канавалава, які, паводле афіцыйнай інфармацыі, з прашэннем аб памілаванні да прэзідэнта не звяртаўся. Еўрадэпутаты таксама заклікалі ўлады Беларусі абвесціць мараторый на смяротнае пакаранне.

У адказ МЗС Беларусі выказала абурэнне з пазіцыі Еўрапарламенту. «Еўрапарламент дэ-факта становіцца на бок тэрарыстаў, некампетэнтна падвяргаючы сумневу высновы следства і рашэнні беларускага суда ў справе аб тэрактах. Еўрапарламент таксама, што не робіць яму гонару, груба ўмешваецца ў ажыццяўленне правасуддзя ў суверэннай дзяржаве», – заявіла беларускае Міністэрства замежных справаў.

belsat.eu

Стужка навінаў