Апытанне: справы сямейныя?


Паводле апошніх звестак, цягам года ў Беларусі каля 270 дзяцей становяцца ахвярамі сексуальнага гвалту. Разам з гэтым, статыстыкі аб фізічным гвалце над дзецьмі практычна не існуе, бо вельмі часта гэтая праблема застаецца ўнутры сям’і.

“Белсат” запытаўся ў менчукоў: ці павінна дзяржава ўмешвацца ў сямейныя адносіны, з тым каб абараніць дзіця?

“Я лічу, што трэба, бо ведаеце, бываюць такія сітуацыі, што калі не ўмяшаецца дзяржава, то… бацькі таксама ж розныя бываюць. Калі чалавек штосьці чуе ці бачыць падобнае, трэба абавязкова паведамляць. Мы ж жывем у прававой дзяржаве. Як мы можам быць абыякавыя? Самае страшнае – гэта абыякавасць, людзі сталі вельмі абыякавыя цяпер”, – кажа сталая жанчына.

“Мне здаецца, што калі дзяржава пачынае ўмешвацца ў праблемы сям’і, гэта таксама не зусім добра. Сямейныя праблемы – гэта сямейныя праблемы”, – кажа маладая жанчына.

“Канечне, дзяржава і адмысловыя ўстановы мусяць кантраляваць і сачыць за такімі сем’ямі”, – упэўненая студэнтка.

“Гэта нашая бяда, і з гэтым мы ўсе разам павінны змагацца – разам з сям’ёй ды адмысловымі органамі”, – кажа чарговая рэспандэнтка.

“Выхаванне ж пачынаецца ў сям’і, у першую чаргу. Сям’я мусіць гэтаму навучыць – стаўленню да дарослых… зараз вельмі дрэнна ставяцца да людзей сталага веку. Таму найперш выхаванне павінна быць у сям’і”, – кажа чарговая рэспандэнтка.

Калі вы сталі сведкам гвалту над дзецьмі, калі вашыя суседзі ўвесь час лаюцца ды іхнае дзіця мае гузакі, альбо калі вы сталі сведкам прыніжэння дзіцяці, ведаеце, што ў сям’і яго абражаюць ці б’юць, паведаміце аб гэтым праз тэлефон Агульнанацыянальнай дзіцячай лініі: 8-801-100-16-11.

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Разуменне” стварыла “Дом разумення”, службу дапамогі дзецям – ахвярам фізічнага, сексуальнага ці іншага гвалту. Псіхолагі “Разумення” дапамагаюць ім даць рады з бядою. Запісацца на прыём можна праз тэлефон 259-48-83 або праз e-mail office@ponimanie.org.

belsat.eu

Стужка навінаў