Ксяндзу, магілу якога заклалі пліткаю, паабяцалі паставіць помнік


У Лідзе падчас рыхтавання да “Дажынак” у гарадскім парку праклалі дарожку з пліткі там, дзе, як мяркуюць, месціцца магіла ксяндза Адама Фалькоўскага.

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкаю на старшыню лідскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Станіслава Судніка.

Ксёндз Адам Фалькоўскі быў пробашчам касцёлу ў в. Ішчална былога Лідскага павету (цяпер — Шчучынскі раён). Яго расстралялі 24 чэрвеня 1863 г. за тое, што ён зачытаў вернікам маніфест кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага.

У 1920 г. на месцы расстрэлу і пахавання Фалькоўскага паставілі каталіцкі крыж, які савецкая ўлада знесла ў 1940 г. У 1996 г. у Ліду запрасілі былых польскіх скаўтаў, якія некалі даглядалі магілу Фалькоўскага. Яны дапамаглі вызначыць прыкладнае месца пахавання ксяндза, на якім прадстаўнікі грамадскасці ўстанавілі мемарыяльны крыж.

Як зазначыў Станіслаў Суднік, пазней крыж зносіўся на ўказанне ўладаў, але яго прыкладна 15 разоў аднаўлялі грамадскія актывісты. “Улады далі абяцанне, што пасля правядзення ў Лідзе свята “Дажынкі” на месцы расстрэлу ксяндза будзе ўстаноўлены мемарыяльны знак”, – дадаў Суднік.

belsat.eu
13.09.2010
Фота moladz.by

Глядзі таксама
Каментары