Давераная асоба Пуціна: беларуская самаідэнтыфікацыя знікае


Пісьменнік Валерый Казакоў раіць ураду Лукашэнкі, што рабіць з беларусамі ў Расеі.

Паводле звестак апошняга перапісу насельніцтва, які прайшоў у 2010 г., у Расеі жывуць 512 тысяч беларусаў. Пра гэта паведаміў 17 лютага ў Менску кіраўнік Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расеі”, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты РФ Уладзіміра Пуціна, пісьменнік Валерый Казакоў.

Дзесяць гадоў таму, заўважыў ён, беларусаў ў Расеі было 832 тысячы, а дваццаць гадоў таму – 1,2 мільёна. “Калі так пойдзе і далей, беларуская самаідэнтыфікацыя ў Расеі знікне, – канстатаваў Казакоў. – І гэта не толькі праблема беларусаў, якія жывуць у Расеі, але і праблема беларускіх уладаў. Каб адчуваць сябе больш-менш камфортна, выхадцы з Беларусі перастаюць ідэнтыфікаваць сябе як беларусы і становяцца этнасам”.

На думку Казакова, у Беларусі павінна быць дзяржаўная праграма падтрымання дыяспары, павінны быць адмысловыя дзяржаўныя інстытуты, для якіх гэта была б прыярытэтная дзейнасць. “Дзякуй Богу, урад Беларусі пачынае сёлета будаўніцтва “Беларускага дому” ў Маскве, – паведаміў кіраўнік нацыянальна-культурнай аўтаноміі, – з яго будаўніцтвам мы ўжо спазніліся на дваццаць гадоў. Пры такім падыходзе праз дзесяць гадоў, я баюся, у Расіі застануцца 300 тысяч беларусаў”.

Паводле Казакова, арганізацыі беларускай дыяспары працуюць на самадзейным узроўні. Ён упэўнены, што беларуская дзяржава павінна праяўляць увагу да сваіх суайчыннікаў: “Дапамагаць так, як немцы, ізраільцяне, палякі дапамагаюць сваім. Прычым гэта не толькі фінансавая (хаця і гэта неабходна), але і этнакультурная дапамога, тым больш што ў Расеі існуюць законы, якія даюць магчымасці для такой працы”.

belsat.eu

Стужка навінаў