У цэнтры Менску ўладам больш пасуе "Пекін", чым парк


17 лютага, нягледзячы на пратэст мясцовых жыхароў ды іхныя шматлікія звароты да ўладаў, у менскім парку 40-годдзя Кастрычніка ізноў пачалі секчы дрэвы.

На тэрыторыі парку, размешчанага ў цэнтры гораду, кітайскі інвестар плануе збудаваць гатэльны комплекс “Пекін”. Плануецца ссекчы больш як 300 дрэваў і забудаваць каля 70 % плошчы парку. Пачынаючы з 26 снежня знішчылі некалькі дзясяткаў дрэваў, аднак дзякуючы ўмяшанню грамадскасці працы прыпынілі.

16 лютага секчы дрэвы пачалі ізноў, а сёння абаронцы парку правялі прэс-канферэнцыю, запрасіўшы журналістаў на месца падзеяў. Як падкрэсліла каардынатарка дзейнасці таварыства “Зялёная сетка” Марына Дубіна, высяканне аднавілася ў чацвер нягледзячы на тое, што толькі за мінулы тыдзень сабралі каля трох тысяч подпісаў дзеля абароны парку. “Мы б хацелі зразумець, як так адбываецца, што меркаванне грамадскасці не ўлічваецца падчас прыняцця рашэння аб забудове”, – адзначыла яна.

“Мне здаецца, мы грукаемся ў зачыненую браму, – гаворыць Дубіна. – Ні мясцовых жыхароў, ні грамадскасці ніхто не хоча слухаць, нашыя лісты, звароты, хаджэнні на прыём у дзяржаўныя органы, збор подпісаў – ніхто да гэтага не прыслухоўваецца, нават ніякага дыялогу не вядзецца. Нас проста паставілі перад фактам: гатэлю быць, і абмеркаванню гэта не падлягае. <…> Мы не проста хочам, каб нас пачулі, а каб улічылі нашае меркаванне”.

Праз тое, што дыялогу з уладамі не атрымліваецца, абаронцы парку будуць спрабаваць адстояць сваю пазіцыю ў судзе. Яны маюць намер падаць пазоў на ўлады, якія сваёй гаспадарчаю дзейнасцю “аказваюць шкодны ўплыў на навакольнае асяроддзе”.

На сустрэчы жыхароў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў прысутнічаў святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід, які адправіў малебен дзеля абароны парку.

belsat.eu

Стужка навінаў