Магілёў: падатак на веру


Магілёўскія ўлады прамінулым днём перавялі касцёл святога Станіслава у камунальную ўласнасць.

Магілёўскія ўлады запатрабавалі ад вернікаў заплаціць падатак на зямлю і за карыстанне нерухомасцю, а менавіта – за касцёл святога Станіслава. Хаця ў 90-х гадах бажніцу вызвалілі ад сплочвання якіх-кольвек падаткаў. Цяпер парафіяне збіраюць подпісы пад адпаведным зваротам да Аляксандра Лукашэнкі.

Парафіянін Сяргей Аношка абураны дзеяннямі мясцовай улады. “Здаецца, усе пытанні ўжо былі вырашаныя, і мы былі ўпэўненыя, што гэта нашая ўласнасць, і цяпер раптоўна прыходзіць такая інфармацыя, што гэта не так. Умоўна кажучы, прамінулаю датаю штосьці зрабілі без ведама парафіянаў і самога Касцёлу”.

Журналісты “Белсату” высветлілі, што паводле ліста з гарвыканкаму, рэлігійныя арганізацыі не адносяцца да юрыдычных асобаў, якім дзяржаўная маёмасць можа давацца ў бясплатнае карыстанне. Папера прыйшла яшчэ напрыканцы кастрычніка, аднак у Магілёўскім гарвыканкаме дагэтуль не могуць пракаментаваць гэтага дакументу.

“Сёння мы збіраем подпісы, каб паспрыяць вырашэнню гэтага пытання, – кажа Сяргей Аношка. – Можа, праз асобу Аляксандра Лукашэнкі ў нас гэта атрымаецца зрабіць хутчэй”.

belsat.eu

Стужка навінаў