Пацярпелая ад дэвальвацыі спадзяецца на дапамогу... Мядзведзева


Пенсіянерка Ніна Мірашнічэнка патрабуе спагнаць з “Беларусбанку” Br 55 млн.

Два гады таму спадарыня Мірашнічэнка адкрыла рахунак, на які паклала Br 48,97 млн. Пенсіянерка прадала гараж і садовы надзел у Раўбічах, што засталіся пасля смерці ейнага мужа. Раней сям’я планавала пабудаваць на зямлі дом, на які доўга збірала грошы, аднак 10 тыс. савецкіх рублёў згарэлі на пачатку 90-х. Чарговая дэвальвацыя, гэтым разам беларускага рубля, таксама не абмінула пенсіянерку.

У траўні 2011-га Мірашнічэнка звярнулася ў “Беларусбанк”, каб канвертаваць беларускія рублі ў расейскія, зняць іх з рахунку ды набыць жытло ў Маскве, куды збіралася пераехаць з хвораю дачкою. Банк не палічыў угоду сацыяльна важнай ды цягнуў з канвертацыяй ажно да чэрвеня. У выніку пенсіянерка страціла каля $ 7 тыс.

“Не сацыяльна важна!” Кут для дзіцяці хворага – гэта “не сацыяльна важна”! А што тады сацыяльна важна? – абураецца пацярпелая і дадае: – Я ўжо думаю тады, каб Наташа (дачка) выйшла на блог Мядзведзва, яна неяк больш да яго прыхільная. Пакуль ён прэзідэнт, хай яна напіша яму ў блог, каб ён патэлефанаваў нашаму “бацьку”, каб ён мяне прыняў”, – кажа спадарыня Мірашнічэнка.

Тым часам банк не прызнае пазову сваёй былой кліенткі. Падчас паседжання суддзя адхіліў хадайніцтвы адваката пенсіянеркі аб запатрабаванні ў “Беларусбанку” і Нацбанку шэрагу дакументаў, паводле якіх банкіры вырашалі, хто заслугоўваў на продаж валюты ў часе леташняга валютнага дэфіцыту.

Адвакат Юрый Шчарэбіч не выключае, што рашэнне можа быць прынятае ўжо сёння, 17 лютага.

belsat.eu

Стужка навінаў