Уладзімір Халіп: Д’ябал не такі ўсёмагутны.


Азіраючыся на каласальныя зрухі канца мінулага стагоддзя, аўтары фільму Уладзімір Халіп і Юрый Стаюнічаў задаюць сабе пытанне: чаму так сталася? Фільм распавядае пра першыя творчыя суполкі беларускай інтэлігенцыі ў 1970–1980-х гг. – на прадвесні магутных палітычных пераўтварэнняў мяжы 1980-х і 1990-х.


“Прадвесне” у эфіры “Белсату” 17 лютага, а 21:25. Паўтор 18 лютага, 9:40


Уладзімір Халіп – рэжысёр, драматург і публіцыст – распавядае пра герояў фільму, сярод якіх палітвязень Алесь Бяляцкі. Чаму зноў надышла «зіма»? Што сёння азначае ўлада, і чым адрозніваюцца дзве сістэмы, у якіх нам давялося жыць:

Змаганне за Беларусь, за яе свабоду і незалежнасць не спынялася ніколі. Толькі ў той або іншы час яно прымала розныя формы. Нейкія падзеі адбываліся навідавоку, а іншыя – у ценю. І зусім розныя людзі ў пэўны час маглі апынуцца на першым плане, так бы мовіць на авансцэне. Усё гэта было і падчас апошняй хвалі Адраджэння. Людзі, якія да беларускага руху спрычыніліся яшчэ ў маладосці, і сёння з абранага шляху нікуды не сышлі. Не столькі нейкія супольныя праекты іх яднаюць, колькі ўсё тая ж адзіная мэта – вольная, дэмакратычная, незалежная Беларусь. Да якой мы ўсе пакуль не дайшлі.

Тыя людзі, якія сваёй працай, талентам і ўсім сваім жыццём набліжалі Адраджэнне Беларусі, аўтарытэтамі былі і застаюцца. І не толькі для моладзі. Чаго варты ўчынак Алеся Бяляцкага, які добра ведаў, што яго чакае, але ішоў да канца. Такое не забываецца. Шмат хто ўбачыў і зразумеў, што гонар і годнасць нікуды не зніклі.

У фільме «Прадвесне» мы падкрэслілі відавочную пераемнасць паміж тым рэжымам і гэтым. З савецкай мінуўшчыны існы рэжым узяў усё найгоршае – дзіўна, да драбніцаў. І гэтае найгоршае набыло пачварныя маштабы. Але і тую, Савецкую Беларусь, нават падчас непрадказальных рэцыдываў настальгіі не варта ідэалізаваць. Так, не было такога дзікунскага начальства. І шалёнай драздоўскай «дыскатэкі», якая паралізуе імгненна рух. Машэраў спакойна мог выйсці на вуліцу ў суправаджэнні аднаго ахоўніка. Спыніцца, сустрэўшы Янку Брыля, і размаўляць з ім доўга. А ў гэты час ахоўнік не кідаўся, як сабака, на мінакоў, а цярпліва чакаў воддаль. Цяпер аб’ект пільнай аховы ў гэткай сітуацыі нават уявіць немагчыма. Але наўрад ці варта гэтым пераймацца. Менавіта ў тыя «ліберальныя» часы зачынілі ў Менску апошнюю беларускую школу. Рассыпалі набор новай аповесці Уладзіміра Караткевіча. Цкавалі Быкава. Выціскалі ўсімі сродкамі з Беларусі Алеся Адамовіча. А ў Акадэміі навук наладжвалі чарговы пагром нацыяналістаў. У той час у Інстытуце мастацтвазнаўства пазбавілі працы вядомага даследчыка дарэвалюцыйнага беларускага тэатра Сцяпана Міско. Ён былы партызан, меў баявыя ўзнагароды. Але калі ідзе чарговая кампанія, нават гэта нішто. І наўрад ці варта параўноўваць тую сістэму з сённяшняю. Абое рабое. Толькі кожная па-свойму.

У савецкія часы кожны да «беларускасці» ішоў сваім шляхам. Мне было прасцей – я беларусам адчуваў сябе заўсёды. Мне пашанцавала. У нашай вёсцы жылі годныя людзі. Кожны ведаў, хто ён, адкуль паходзіць ягоны род. Ганарыліся гэтым. І сапраўды было чым. Спрадвеку жылі на сваёй зямлі. Ведалі, дзе чый лес, чыя сенажаць. Смяяліся з тых, хто спрабаваў гаварыць, «як начальства». Але гэтыя смешныя, як потым высветлілася, – надзвычай жыццяздольная папуляцыя. Яны авалодалі там усёй прастораю. А тых, сапраўдных, ужо няма нікога.

Прадчуванне непазбежных пераменаў узнікла нашмат раней, чымся ў 1989-м. Жыццё неабсяжнай кагорты савецкага начальства і народу не супадала ўжо катастрафічна. Нават не ў матэрыяльнай сферы. У разуменні далейшага шляху. Неабходнасць пераменаў разумелі нават дзеці. А тыя, што наверсе, яшчэ спрабавалі вярнуць учорашні дзень. Такой напругі сістэма не вытрымала. І ляснула ўсё з трэскам.

Не думаю, што ў кагосьці тады была ўпэўненасць, што ўсё зменіцца лёгка і ўмомант. На палітычным полі ў той час сапраўды з’явілася шмат новых людзей. Але партыйная наменклатура нікуды не падзелася, бюракратычны апарат быў практычна той жа. Гэтак, у жніўні 1991-га яны крыху спалохаліся, але хутка ачунялі. А праз некалькі гадоў і ўвогуле ўзялі рэванш. Да ўлады дарваліся найперш чаляднікі былой наменклатуры. Чынавенская шпана. Тыя, хто бегаў па піва, калі начальства парылася ў лазні. Цяпер яны вядуць рэй. І гэтыя за ўладу будуць трымацца да апошняга. Бо цяпер улада – гэта бізнес. Шмат хто з герояў нашага фільму гаварыў пра тое, што, пачынаючы свой шлях да сапраўднай Беларусі, яны на хуткую перамогу не разлічвалі. Гэта была справа на ўсё жыццё. Так яно і сталася. Толькі скардзіцца на наш цяжкі лёс не варта. Нічога не страчана. Трэба ісці далей сваёй дарогаю. Дойдзем. Д’ябал не такі ўсёмагутны, як спрабуе люд пераканаць. Як там у адной вялікай кнізе сказана? «Не бойцеся!» Палякі пачулі і зразумелі. А мы чамусьці робім выгляд, нібыта ўсё яшчэ не зразумелі, пра што размова.

Вольга Швед

Глядзі таксама
Каментары