“Трэба, каб па-беларуску размаўлялі прыгожыя і паспяховыя”


https://youtu.be/YnsCCA84sRw
Беларуская мова мае зрабіцца фактарам кансалідацыі, а не канфрантацыі грамадства, падкрэсліў дырэктар Інстытуту мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашанец 16 лютага ў Менску на пасяджэнні круглага стала «Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы».

«Калі гаварыць аб праблеме існавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве, трэба адрозніваць два аспекты, – адзначыў навуковец. – Гэта, па-першае, узровень развіцця сістэмы мовы і, па-другое, яе становішча як сродку зносінаў у грамадстве. Беларуская мова сёння – гэта высокаразвітая літаратурная мова, якая можа паспяхова абслугоўваць усе патрэбы жыцця сучаснага грамадства. Наша мова развіваецца ў рэчышчы тых агульных тэндэнцыяў, якія вызначаюць сучаснае развіццё ўсіх славянскіх моваў у кантэксце сусветнага моўнага працэсу.

Нягледзячы на праблемы яе выкарыстання ў большасці афіцыйных сфераў ужытку, беларуская мова сёння пранікае ў тыя сферы, у якіх яе раней не было, у першую чаргу ў сферу інтэрнэт-камунікацыяў і канфесійную сферу. А гэта значыць, што сёння беларуская мова рэальна запатрабаваная і мае тэндэнцыю да пашырэння ў новыя сферы ўжытку».

Што яшчэ трэба рабіць, каб мова займала належнае месца ў грамадстве? На думку дырэктара Інстытуту мовы і літаратуры, трэба строга выконваць заканадаўства і нарматыўныя акты, якія датычаць моўнай сферы, павышаць моўную кампетэнцыю грамадства, папулярызаваць беларускую мову, ствараць ёй станоўчы імідж. «Сёння мову павінны прапагандаваць людзі паспяховыя, аўтарытэтныя, паважаныя і прыгожыя, – упэўнены Аляксандр Лукашанец. – Калі мы будзем чуць нашу мову ад такіх прадстаўнікоў грамадства, і іншыя пачнуць больш ахвотна ёю карыстацца. […] І апошняе – сёння беларуская мова мае зрабіцца фактарам кансалідацыі нашага грамадства, а не фактарам канфрантацыі».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары