Алена Каваленка: Сяргею неадкладна патрэбная медычная дапамога (абноўлена)


Жонка вязня адзначае, што яму складана стаяць і нават размаўляць, а твар не проста бледны – з’явіліся жоўтыя плямы.

Сёння Алена і Сяргей Каваленкі ўзялі шлюб. Гэта дазволіць Алене мець спатканні ды перадаваць перадачы. Цырымонія працягвалася некалькі хвілінаў, а сведкамі былі міліцыянты. Паводле Алены, адразу пасля роспісу Сяргея вывелі з памяшкання, размаўляць не дазволілі, яна нават не паспела папрасіць яго спыніць галадоўку. Брата і сына на цырымонію не пусцілі – яны чакалі на вуліцы.

“Тое, як ён выглядае, шакавала мяне. Твар не проста бледны, ужо пайшлі жоўтыя плямы. Яму складана стаяць і нават размаўляць. Відавочна, што ў яго парушэнне працы ўнутраных органаў. Неадкладна патрэбная медычная дапамога”. Пра сваю галадоўку Сяргей паспеў толькі сказаць, што працягвае яе.

Выканальнік абавязкаў кіраўніка Дэпартаменту выканання пакаранняў Сяргей Працэнка гэтак каментую галадоўку палітвязня: «Цяпер ён сапраўды не прымае ежы, але стан здароўя яго здавальняючы. Ніхто гвалтоўна яго карміць не будзе, не тыя часы».

Яшчэ ў сярэдзіне студзеня Каваленка пісаў, што яго пачалі прымусова карміць праз зонд. Апроч таго, паводле начальніка СІЗА, актывіст нейкі час нібыта прымаў ежу адзін раз на дзень. Намесніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка кажа, што Сяргей згадзіўся на гэта, бо за галадоўку яго пагражалі адправіць у шпіталь для псіхічна хворых.

«Тое, што Сяргея Каваленку пачалі прымусова карміць пасля 30 дзён, было вялікаю небяспекаю для стану ягонага здароўя. Есці пасля 30 дзён вельмі небяспечна, бо можа здарыцца што заўгодна, калі гаворка ідзе пра ўнутраныя органы, – гаворыць былы палітзняволены Аляксандр Казулін і дадае: – Сяргей – вельмі прынцыповы чалавек, ён мае моцны дух. Калі ён пойдзе на сухую галадоўку, я лічу, што пры такіх умовах гэта максімум 7 дзён».

Паводле адваката, стан зняволенага крытычны. Суд над актывістам прызначаны на 21 лютага. Калі Сяргей Каваленка працягне галадаць да таго часу, будзе ісці 65-ы дзень ягонага пратэсту.

Грамадскія лідары, праваабаронцы, сваякі ды сябры Сяргея Каваленкі просяць яго спыніць галадоўку. Прынцыповасць вязня звязана з тым, што ён лічыць крымінальны пераслед помстаю за свае палітычныя погляды.

Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ за кратамі з 19 снежня 2011 г. – нібыта за ўхіленне ад адбывання пакарання. У траўні 2010 г. яго прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай каляднай яліне Віцебску 7 студзеня 2010 г. У палітвязня двое малых дзяцей: шэсць гадоў і паўгода, якіх зараз даглядае адна маці. Дагэтуль сям’ю ўтрымліваў Сяргей, які працаваў будаўніком як прыватны прадпрымальнік.

belsat.eu

Стужка навінаў