Стружэцкі: Чыноўнікі мусяць размаўляць па-беларуску


Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі прызнаўся, што нават у ягоным ведамстве ёсць людзі, якія слаба валодаюць беларускаю моваю.

Для сферы культуры Беларусі моўнай праблемы не існуе, іншая справа – наколькі шырока беларуская мова выкарыстоўваецца ў штодзённым жыцці. На гэта Тадэвуш Стружэцкі звярнуў увагу падчас круглага стала “Папулярызацыя беларускай мовы: сучаснасць і перспектывы” 16 лютага ў Менску.

Паводле намесніка міністра, уся дзейнасць Міністэрства культуры “скіравана на падтрымку і папулярызацыю беларускай мовы”. “Я магу пацвердзіць канкрэтнымі прыкладамі: уся заканадаўчая і нарматыўная база ў сферы культуры прынята на беларускай мове – гэта прынцыповы падыход. Калі да нас звяртаюцца на рускай мове, мы, з улікам дзвюхмоўя, вядома, вядзем перапіску на рускай мове”, – сказаў ён.

Стружэцкі заўважыў, што вонкавае афармленне, шыльды з назвамі ва ўстановах культуры і нават унутраная дакументацыя вядуцца пераважна па-беларуску. “Хаця можна прывесці прыклады і іншыя. І гэта не лагічна, калі мясцовая бібліятэка або вясковы клуб абазначаны на рускай мове”, – лічыць намеснік міністра. Пры гэтым Стружэцкі паспяшаўся дадаць: “У нас роўныя адносіны і да беларускай, і да рускай мовы. Мы не праяўляем тут нейкую непавагу”.

Ён упэўнены, што абсалютная большасць жыхароў Беларусі “ведаюць беларускую мову і гатовы яе выкарыстоўваць, але ў канкрэтных сітуацыях яны гэта не робяць”. Вельмі важна, дадаў Стружэцкі, каб па-беларуску размаўлялі чыноўнікі.

belsat.eu

Стужка навінаў