Аўташколы на мяжы банкруцтва


Яны вымушаныя заніжаць рэальны кошт заняткаў, каб не страціць навучэнцаў.

Паводле дырэктара Рэспубліканскай асацыяцыі навучальных арганізацыяў для рыхтавання кіроўцаў транспартавых сродкаў Андрэя Максімава, прычына крызісу ў тым, што зменшылася колькасць ахвотных вучыцца кіраванню. У Беларусі зарэгістравана больш за 500 аўташколаў. З’яўляюцца і новыя, але, на думку экспертаў, пры сённяшнім імклівым падаражэнні паліва і абслугоўвання аўтаў, на рынку застануцца толькі вялікія кампаніі, якія маюць сталы калектыў, добры рэйтынг і сучасны аўтапарк.

“Каб аўташкола мела прыбытак, кошт навучання павінен складаць як мінімум 4 млн рублёў, – тлумачыць Андрэй Максімаў. – Сёння ён вагаецца па Менску ад 1,5 да 3 млн рублёў. Але аўташколы не збіраюцца рэзка падымаць цэны, бо гэта адразу спалохае патэнцыйных кліентаў”.

Інструктар адной з аўташколаў Анатоль Козыраў гаворыць, што канкурэнцыя ў Менску сапраўды высокая; каб прыцягнуць як мага больш навучэнцаў, кіраўніцтва заніжае кошты. “У выніку скарачаецца штат, нагрузка на інструктара павялічваецца. Шмат хто з калегаў не чакае звальнення, сыходзіць сам – працаваць на таксі ці маршруткі”, – паведаміў інструктар.

belsat.eu

Стужка навінаў