Сёлета ў Барысаве з’явіцца новы стадыён


Ён будзе адпавядаць усім патрабаванням УЕФА, тут можна будзе праводзіць матчы міжнароднага ўзроўню.

Стадыён на 13,4 тыс. гледачоў будуецца паводле праекту славенскай кампаніі «Ofis arhitekti» і будзе хатняй арэнаю футбольнага клубу БАТЭ. Архітэктурная канцэпцыя стадыёну ўнікальная: іншага такога няма не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. Тут будзе выкарыстоўвацца натуральнае пакрыццё з падагрэвам.

Цяпер хатнія матчы асноўны склад БАТЭ праводзіць на Барысаўскім гарадскім стадыёне, дзе паводле тэхнічных нормаў немагчыма прымаць матчы групавых раундаў Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.

Спачатку будаўніцтва аб’екту ацэньвалі на 20 млн еўраў. У Менаблвыканкаме паведамілі, што летась на будаўніцтва выдаткавалі каля 11 млрд руб. Недастатковае фінансаванне стадыёну было звязанае з добраўпарадкаваннем Маладзечна да «Дажынак-2011». Чыноўнікі абяцаюць, што цяпер увесь будаўнічы сектар вобласці сканцэнтруецца на Барысаве. Фінансаванне ідзе з шэрагу крыніцаў: 50 % дае дзяржава, астатняе – сродкі вобласці, клубу і замежных інвестараў.

Старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі спадзяецца, што асноўныя працы будуць завершаныя да канца 2012 г.: «У 2013-м з першым цяплом прыступім да ўкладання газону, каб паспець да 1 ліпеня. Вельмі хочацца здаць арэну менавіта да гэтага тэрміну».

Новы стадыён мусіць замяніць менскае «Дынама» – у кастрычніку яго на два гады зачыняць на рэканструкцыю.

А вось будаўніцтва лядовага палацу ў Барысаве адклалі. «У сацыяльную сферу гораду і так укладаюцца велізарныя сродкі», – тлумачыць намеснік старшыні Менаблвыканкаму Віктар Шчацько. Справа гэта сапраўды нятанная. Напрыклад, лядовы палац у Лідзе каштаваў 40 млрд руб., у Баранавічах – 60 млрд руб. Абодва аб’екты, як і большасць лядовых пляцовак у Беларусі, застаюцца стратнымі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары