Пачынаецца вялікая прыватызацыя?


На продаж сёлета выставяць 190 акцыянерных таварыстваў. Якія прадпрыемствы дзяржава мае намер прадаць, пакуль не паведамляецца. Папярэдні план прыватызацыі так і не быў выкананы – на продаж выставілі пераважна дробныя і сярэднія неэфектыўныя прадпрыемствы, якія не маглі зацікавіць інвестараў.

Першы продаж беларускіх прадпрыемстваў, уключаных у новы план прыватызацыі, пачнецца летам 2012 г. Пра гэта паведаміла начальніца ўпраўлення ўліку і распараджэння акцыямі фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржаўнага камітэту маёмасці Ганна Карніевіч. Паводле яе, новы план прыватызацыі ўжо фактычна гатовы: «План прыватызацыі сфармаваны і будзе ўнесены ў панядзелак, 20 лютага, на разгляд кіраўніка дзяржавы».

У 2012 г. урад разлічвае атрымаць ад продажу дзяржаўнай уласнасці 2,5 млрд долараў. Гэта адна з умоваў выдзялення Беларусі крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС памерам 3 млрд долараў.

Начальніца ўпраўлення Дзяржаўнага камітэту маёмасці паведаміла таксама, што ў канцы 2011 г. з продажу знялі 44 акцыянерныя таварыствы, уключаныя ў план прыватызацыі. Такое рашэнне, растлумачыла яна, прынялі ў звязку з несвоечасоваю падрыхтоўкаю спісу стратэгічна значных прадпрыемстваў.

belsat.eu

Стужка навінаў