Астаповіч: Руйнаванне Купалаўскага – крымінальнае злачынства


https://youtu.be/h5yATGlPQDE
«Тое, што адбылося з Купалаўскім тэатрам, – гэта парушэнне заканадаўства і мае прыкметы парушэння артыкулу 344 Крымінальнага кодэксу «Знішчэнне або пашкоджанне гістарычна-культурнай каштоўнасці», – заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі ды культуры Антон Астаповіч.

Працягваецца рэканструкцыя Купалаўскага тэатру. На днях цалкам дэмантажавалі заднюю і бакавую прыбудовы будынку, узведзеныя падчас апошняга рамонту тэатру. Згодна з праектам, пад будынкам мае з’явіцца сутарэнне глыбінёю 7,5 м. Усе працы плануецца завяршаць у верасні 2012 г. «Калі аўтэнтычныя канструкцыі помніка руйнуюцца і гэта апраўдваецца праектам, нейкімі даследаваннямі – гэта і ёсць адзін са складнікаў злачынства супраць гістарычна-культурнай спадчыны», – падкрэсліў эксперт.

Пры рэканструкцыі планавалася аднавіць архітэктурную ідэю польскага дойліда Карла Казлоўскага, паводле праекту якога тэатр пабудавалі ў канцы ХІХ ст. Апошняя рэканструкцыя будынку праводзілася ў 1956–1958 гг.: тэатр разбудавалі, але пры гэтым ён страціў свой пачатковы выгляд. Падобная рэканструкцыя адбываецца і цяпер – частку будынку цалкам знішчылі.

«Калі казаць пра маральны аспект, гэта цалкам амаральны ўчынак, бо чарговы раз пры так званай рэстаўрацыі спачатку знішчаецца аўтэнтыка, а потым робіцца фальсіфікацыя з зусім новага матэрыялу, – гаворыць Антон Астаповіч. – Некалькі дзён таму ў прэсе з’явіліся заявы пра дзяржпраграму «Замкі Беларусі». Гледзячы на метады рэстаўрацыі, я баюся гэтай праграмы, я баюся, што будзе з нашымі замкамі».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары