Юрый Чавусаў у „Гарачым каментары”


У Беларусі адмяняецца пастанова, якая абмяжоўвала і забараняла вываз фізічнымі асобамі спажывецкіх тавараў за мяжу. У ёй зацвярджаўся пералік тавараў і нормаў, пры перавышэнні якіх трэба было плаціць адмысловы збор.

Савет Міністраў адхіліў пастанову ўраду “Аб некаторых мерах абароны спажывецкага рынку”. Да тавараў, часова забароненых, адносіліся айчынныя холадні, газавыя пліты, цэмент, мыйныя сродкі, а таксама крупы і макаронныя вырабы.

У пераліку нармаваных тавараў прысутнічалі свініна і мяса птушкі, цукар, мука, сыры, масла, тытунёвыя вырабы, а таксама мясныя і малочныя кансервы. Пры перавышэнні нормаў фізічныя асобы былі абавязаныя плаціць адмысловы збор, памер якога складаў двухразовы сярэдні кошт тавару.

З леташняга чэрвеня ў Беларусі таксама дзеюць абмежаванні на вываз аўтамабільнага паліва – яны застаюцца. Пры тым што пастанова Савету Міністраў не тычылася вывазу тавараў у краіны Мытнага саюзу – Расею і Казахстан.

Палітолаг Юрый Чавусаў забарону на вываз называе фактычнаю ўнутранаю забаронаю вонкавага гандлю. Чаму ўлады пайшлі на пэўную лібералізацыю менавіта цяпер? Паводле эксперта, кіраўніцтва Беларусі апошнім часам дэманструе ўпэўненасць у сваёй эканамічнай моцы. Падстава для гэтага – тое, што ў эканоміцы пачалі працаваць грошы, атрыманыя за кошт прэферэнцыяў з боку Расеі, а таксама ў выніку продажу „Белтрансгазу”. Трэба дэманстраваць упэўненасць, каб яна перадавалася людзям.

У той жа час эксперт звяртае ўвагу на тое, што пастановы аб забароне на вываз паліва ніхто не адмяняў. „Адна справа – [зарабіць] некалькі цэнтаў з пакунку макароны. <…> Іншая – калі за бак паліва ты можаш атрымаць ледзьве не сотню долараў прыбытку, вывезшы яго, напрыклад, у Польшчу ці Літву”, – гаворыць ён, робячы выснову: упэўненасць уладаў – „недастаткова глыбокая”.

Юрый Чавусаў заўважае, што беларускія тавары ўжо неканкурэнтаздольныя нават на рынках Мытнага саюза, не кажучы пра заходнееўрапейскія. І пастановамі або пратэкцыянісцкімі захадамі гэтай праблемы не развяжаш.

Ці паўплывае адмена забароны на падпісанне дамовы аб памежным руху? Палітолаг упэўнены, што беларускі бок пойдзе на паўнавартасную супрацу ў гэтым пытанні, але адбудзецца гэта няхутка і ў выніку дыялогу з Захадам.

belsat.eu

Стужка навінаў