Новы амбасадар Ізраілю хваліць Лукашэнку і не ведае пра палітвязняў


Новы амбасадар Ізраілю Ёсэф Шагал не ведае, што ў Беларусі ёсць палітвязні. Пра гэта ён заявіў 15 лютага на сваёй першай прэс-канферэнцыі ў Менску.

“Я – грамадзянін Ізраілю, у нас няма палітвязняў. Што тычыцца Беларусі, то я не ведаю, мне трэба пачытаць газеты. Праз паўгода я адкажу на вашае пытанне, – сказаў амбасадар, адказваючы карэспандэнту. – Я журналіст і выдатна ведаю, як пішуцца артыкулы. Вы самі бывалі ў лагерах для палітвязняў?”

Ёсэф Шагал падкрэсліў, што на міжнароднай арэне Ізраіль імкнецца быць “максімальна стрыманым” пры абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі. “У межах гэтай самай стрыманасці Ізраіль ніколі не выстаўляў нейкіх сур’ёзных прэтэнзіяў Беларусі. Калі і галасаваў у пытанні дакументаў, то на аснове парытэту: калі Беларусь галасавала супраць Ізраілю ў пытаннях палестынска-ізраільскіх адносінаў”, – сказаў дыпламат.

Ён таксама адзначыў, што Ізраіль стрымана ставіцца да санкцыяў Еўразвязу і ЗША ў дачыненні Беларусі. “Мы галасуем ў межах партнёрскіх адносінаў, але самі мы падобнага не ініцыюем. Як і Беларусь не ініцыюе антыізраільскія пытанні, але галасуе ў іх”, – падкрэсліў Шагал.

Новага амбасадара Ізраілю ў Беларусі прызначылі летась у кастрычніку, напрыканцы студзеня дыпламат пачаў выконваць свае абавязкі у Менску.

Шагал – нарадзінец Баку, працаваў у Ізраілі журналістам, у тым ліку на “Дзявятым канале” ТБ. Быў дэпутатам кнэсэту 17-га склікання.

Сёлета 8 студзеня Найвышэйшы суд справядлівасці Ізраілю адхіліў пазоў супраць ягонага прызначэння амбасадарам у Беларусі, пададзены рухам “За чысціню ўлады”. Прадстаўнікі апошняга звярнулі ўвагу на тое, што кандыдатуру Шагала прапанаваў міністр замежных справаў Авігдор Лібэрман, у дачыненні якога вядзецца расследаванне, падставаю для якога стала дзейнасць былога амбасадара Ізраілю ў Беларусі. Суд заявіў, што рашэнне аб прызначэнні было прынятае зыходзячы з прафесійных навыкаў кандыдата.

25 студзеня ў інтэрв’ю інтэрнэт-тэлеканалу ITON TV Іосіф Шагал паведаміў, што асабіста знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам. “З майго гледзішча, Лукашэнка – гэта лідар. У яго ёсць пэўныя мінусы, але чаго ў яго не адняць, і гэта пацвердзіць беларускі народ, які галасуе нармальна, што б там ні казалі пра падтасоўкі, – беларусы добра жылі: яны атрымлівалі зарплаты, пенсіянеры – пенсіі, было чыста, эканоміка выдатна працавала, – сказаў дыпламат. – Ва ўмовах, калі Беларусь ізалююць: ідзе магутная хваля, перш за ўсё еўрапейская і амерыканская, – іх вінавацяць у парушэнні правоў чалавека, ва ўпор не заўважаючы, што практычна тое ж самае, толькі ў значна большых маштабах, робіцца ў Расеі. Незразумелы гэты акцэнт, націск. Мы як ізраільцяне, якія ведаюць па сабе, што такое палітыка падвойных стандартаў, мусім добра разумець тыя краіны, якія трапляюць у такую ж сітуацыю”.

belsat.eu

Стужка навінаў