Аляксандр Сінкевіч: Зварот Румаса – сігнал для Расеі


https://youtu.be/H4t96tue2x8
Афіцыйны Менск апасаецца ўзмацнення санкцыяў з боку Захаду ды ўвядзення эканамічных санкцыяў, якія маглі б значна паўплываць на фінансавыя магчымасці ўлады, і чакае падтрымання з усходу. Эканаміст Аляксандр Сінкевіч гаворыць, што Казахстан і Расея маглі б заступіцца за свайго хаўрусніка і адказаць сур’ёзнымі санкцыямі Еўразвязу. Але толькі тэарэтычна.

«Напрыклад, магчымы перагляд пагадненняў з заходнімі інвестарамі, распрацоўшчыкамі сыравіны, магчымы перавод разлікаў у іншыя валюты: расейскі рубель, кітайскі юань. Магчымая адмова ад некаторых кантрактаў з Захадам у галіне вайсковай супрацы, але гэта ўсё чыста тэарэтычна, – гаворыць эканаміст. – Насамрэч і Расея, і Казахстан ужо даўно ўбудаваныя ў сусветныя гандлёвыя структуры, у свет транснацыянальных фінансавых карпарацыяў, і таму нічога сур’ёзнага ў эканамічнай сферы чакаць не даводзіцца».

Паводле эксперта, адказам краінаў Адзінай эканамічнай прасторы на санкцыі супраць афіцыйнага Менску ў найлепшым выпадку можа быць прыняцце палітычнай рэзалюцыі, якая ніякіх эканамічных наступстваў мець не будзе.

Сам зварот віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса да партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы з просьбаю выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю ў пытанні санкцыяў супраць Беларусі з боку ЕЗ і ЗША выкліканы, на думку эксперта, перадусім цяжкім эканамічным становішчам у Беларусі. «Гэты зварот ёсць пасылам да Расеі, каб яна хутчэй пераводзіла Беларусь на ўнутрырасейскія кошты на энерганосьбіты. Гэта галоўнае і бадай адзінае пытанне ва ўзаемных адносінах, у якім узнікаюць канфлікты апошнія 10 гадоў», – падкрэсліў Аляксандр Сінкевіч.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары