Беларускія біятланісты застануцца без патронаў?


Праз эмбарга ЕЗ нямецкае прадстаўніцтва кампаніі «Lapua» не атрымала дазволу на выкананне замовы.

Такая навіна шакавала кіраўніцтва Дырэкцыі нацыянальных камандаў Міністэрства спорту і турызму Беларусі. Як паведамляюць у міністэрстве, беларускі бок летась у снежні зрабіў перадаплату памерам 34 тыс. еўраў.

«З кампаніяй «Lapua» мы супрацоўнічаем даўно і гэтым супрацоўніцтвам заўсёды былі задаволеныя, – кажа галоўны трэнер беларускіх біятланістаў Андрыян Цыбульскі. – Яны не толькі пастаўлялі нам патроны з улікам індывідуальных асаблівасцяў кожнага ствала біятланістаў, але і дапамагалі ў тэхнічным абслугоўванні сваёй прадукцыі. Улетку мы прыязджалі на фірму вытворцы, тэставалі патроны, абіралі найлепшыя. І вось цяпер даведаліся, што нам адмовілі ў продажы адабранай партыі, хоць грошы за яе ўжо пералічаныя. Прадстаўнікі кампаніі спасылаюцца на тое, што нямецкія ўлады не даюць дазволу на экспарт прадукцыі ў Беларусь. Гэта вынік эмбарга на пастаўку ў Беларусь з Еўропы боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі. Наш нямецкі трэнер Кляўс Зібэрт даўно казаў, што могуць быць такія праблемы».

Замоўленыя ў «Lapua» патроны вырабленыя персанальна для ствалоў кожнага ўдзельніка каманды, і дакладнасць пры выкарыстанні іншых боепрыпасаў змяншаецца на 3–5 %. Паводле старшыні Дырэкцыі нацыянальных камандаў Андрэя Фомачкіна, пакуль ёсць неабходны запас патронаў для падрыхтоўкі і выступу на чэмпіянаце свету і этапе Кубка свету. Каб знайсці іншую фірму, пратэставаць яе прадукцыю і закупіць патроны, трэба шмат часу. Пакуль трэнеры і чыноўнікі будуць настойваюць, каб рашэнне нямецкіх уладаў змянілася. Яны спасылаюцца на тое, што «спорт па-за палітыкаю».

Нагадаем, што Еўразвяз увёў эмбарга на пастаўку ўзбраення і вайсковай тэхнікі з ЕЗ у Беларусь, бо адносіць нашу краіну да дыктатарскіх. І Нямеччына займае ў гэтым пытанні прынцыповую пазіцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў