Улады шукаюць грошы на рэвалюцыю


На мяжы працягваюць затрымліваць грамадска-палітычных актывістаў ды прадстаўнікоў выбарчых штабоў апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва. У бальшыні выпадкаў памежнікі ды мытнікі прызнаюцца, што шукаюць “грошы для беларускай апазіцыі”.

Сёння ноччу болей як 2 гадзіны пратрымалі ў Менскім аэрапорце жонку кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава, вядомую журналістка Ірыну Халіп. Супрацоўнікі мытні ды памежнага камітэту правялі поўны агляд рэчаў спадарыні Халіп, якая вярталася з Будапешту. Як паведаміла “Белсату” журналістка, ёй наўпрост заявілі, што шукаюць менавіта грошы, а не носьбіты інфармацыі.

За апошнія некалькі дзён гэта ўжо не першы выпадак затрымання актывістаў. Соднямі раней на памежным пераходзе “Баброўнікі” абшукалі актывіста АГП Віталя Гуляку, які вяртаўся з Польшчы дамоў. 1 снежня ў цягніку Масква–Менск пад дагляд трапілі пасажыры аднаго з вагонаў. Людзям не пашанцавала, бо іхнымі спадарожнікамі былі актывісты кампаніі “Гавары праўду!” Аляксандр Фядута і Алег Мяцеліца.

“Як нам паведамілі прадстаўнікі транспартавай міліцыі, што праводзілі дагляд, яны атрымалі інфармацыю, што ў вагоне знаходзіцца вялікая партыя валюты”, – распавёў Аляксандр Фядута. Прадстаўнікі праваахоўных органаў вырашылі, што актывісты маглі перадаць грошы каму-небудзь з пасажыраў, таму дагледзелі ўсіх, хто знаходзіўся ў вагоне.

“Падобна, што ва ўладаў ад безвыходнасці пачалася істэрыка”, – каментуе гэтыя выпадкі Ірына Халіп. Журналістка мяркуе, што, магчыма, праваахоўнікі занадта літаральна ўспрынялі заяву Лукашэнкі, што кандыдатаў Някляева і Саннікава фінансуе Расея.

belsat.eu

Стужка навінаў