Іван Шыла правядзе за кратамі амаль месяц


Затрыманы ўчора ў Менску актывіст міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Іван Шыла ўтрымліваецца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) ГУУС Менгарвыканкаму. Пра гэта паведаміла намесніца старшыні «Маладога фронту» Анастасія Палажанка.

Шыла будзе адбываць свае «запазычанасці» па раней вынесеных пастановах суда, якія ўтварыліся ў звязку з ягонаю вучобаю за мяжою.

7 верасня 2011 г. суд Горацкага раёну (Магілёўская вобласць) завочна прыгаварыў актывіста да 20 дзён адміністратыўнага арышту за ўдзел у пікеце ў падтрыманне лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча. Пікет адбыўся ў жніўні каля горацкай калоніі, дзе на той момант утрымліваўся Дашкевіч. Акрамя таго, Іван Шыла не адбыў два дні адміністратыўнага арышту за ўдзел у летніх акцыях маўклівага пратэсту. «Такім чынам, Іван Шыла правядзе ў ЦІП тры тыдні», – адзначыла Палажанка.

Актывіста затрымалі ў Менску 14 лютага за некалькі гадзінаў да цырымоніі ўручэння штогадовай прэміі «Маладога фронту» «Люблю Беларусь». Яго затрымалі каля пад’езду дому, дзе месціцца офіс беларускага ПЭН-цэнтру і дзе прайшла цырымонія, і павезлі ў невядомым кірунку. Пра тое, што Іван Шыла ўтрымліваецца ў ЦІП, стала вядома сёння.

belsat.eu

Стужка навінаў