Еўразійскі Саюз уратуе ад санкцыяў Еўразвязу?


https://youtu.be/4Jm3jM_OrK4
Кіраўнікі краінаў Адзінай эканамічнай прасторы не будуць наўпрост дапамагаць афіцыйнаму Менску ў канфлікце з Еўразвязам, мяркуе палітолаг Уладзімір Мацкевіч. «Зварот Румаса гаворыць і пра тое, што гэты Саюз ствараецца як палітычны звяз і не выконвае сваіх функцыяў з пункту гледжання кіраўнікоў гэтых краінаў. Ён нібыта мае супрацьстаяць палітыцы Еўразвязу ў рэгіёне, але ні сілы, ні разумення, як гэта рабіць, ні ў воднага кіраўніка Еўразійскага Саюзу няма», – дадаў эксперт.

Урад Беларусі звярнуўся да партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) з просьбаю выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю ў пытанні санкцыяў супраць Беларусі з боку ЕЗ і ЗША. Агенцтва БелаПАН са спасылкаю на крыніцу ў Радзе Міністраў паведамляе, што ліст з такою просьбаю віцэ-прэм’ер Сяргей Румас накіраваў старшыні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Віктару Хрысценку. Румас прапаноўвае разгледзець гэтае пытанне на чарговым пасяджэнні рады ЕЭК. «Ім прыйдзецца гэты выбар рабіць, і думаю, што ў гэтым выпадку выбар будзе не на карысць Беларусі. І з гэтай няёмкасці Назарбаеў і Пуцін будуць выходзіць проста замаруджваючы, адцягваючы рашэнне, не прымаючы яго. Таму плёну гэты зварот Румаса ніякага не дасць», – мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

10 лютага Рада Еўразвязу прыняла пастанову, якая пашырае магчымасці прымянення санкцый у дачыненні беларускіх фізічных і юрыдычных асобаў, датычных да парушэнняў асноўных правоў і свабодаў. «Нашыя ўлады з цяжкасцю разумеюць, наколькі канфрантацыя з Еўропай і ўсім светам кепска ўплывае на краіну, на ўсе працэсы і акалічнасці ў краіне, палітычныя, эканамічныя ды ўвогуле на жыццё людзей», – падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч.

Дамову пра стварэнне Еўразійскай эканамічнай камісіі прэзідэнты Беларусі, Казахстану і Расеі падпісалі ў лістападзе 2011 г. Еўразійская эканамічная камісія — наднацыянальны орган, які кіруе інтэграцыйнымі працэсамі ў фарматах Мытнага саюзу і АЭП. Узначальвае яе Віктар Хрысценка. Камісія складаецца з рады і калегіі. У склад калегіі ўваходзяць тры прадстаўнікі ад кожнай дзяржавы, а ў склад рады – віцэ-прэм’ер ад ураду кожнай краіны. Старшыня рады ЕЭК – Сяргей Румас.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары