Міфічныя $ 500: хто столькі зарабляе?


Паводле Белстату, у прамысловасці сярэдняя заработная плата летась у снежні склала 3,5 млн руб., у будаўніцтве – 3,06 млн руб., на транспарце і ў сувязі – 3,2 млн руб., у сельскай гаспадарцы, паляванні і лясной гаспадарцы – 1,8 млн руб. У цэлым па Менску сярэдні заробак складае 460 долараў, пераконвалі статысты. Пры гэтым улады ўпэўніваюць, што павышэнне заробка да 500 долараў рэальнае і адбудзецца да парламенцкіх выбараў. З такімі самымі абяцаннямі Лукашэнка падыходзіў да прэзідэнцкіх выбараў у 2010 г.

Паводле курсу Нацбанку, заробак памерам 500 долараў на сёння складае больш за 4 млн рублёў. Дзе ў Менску знайсці такую працу?

Самыя высокааплатныя вакансіі, размешчаныя на сайце Менгарвыканкаму, датычаць або кіроўных пасадаў (дырэктары, іхнія намеснікі), або рабочых спецыяльнасцяў (будаўнічыя альпіністы, прарабы).

Самы высокі заробак абяцаюць дырэктару ў «Менск Прынцэс гатэль». Заробак – 20 млн руб., патрабуецца досвед працы ў забаўляльным бізнесе Беларусі ад 7 гадоў. На другім месцы – «Белгрузаўтатранс»: ад 6,3 млн руб. будзе заробак дырэктара ў камерцыйных пытаннях. Далей ідзе Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядравых даследаванняў «Сосны» – 4,4 млн руб. Пры гэтым дырэктарам школы прапаноўваюць заробак ад 1,5 да 1,7 млн руб., намесніку дырэктара Белтэлерадыёкампаніі – крыху больш за 1 млн руб., дырэктарам ЖЭСаў – 2,2 млн руб.

Аднак такія вакансіі – адзінкі. Куды больш патрабуюцца сацыяльныя працаўнікі (заробак 1–1,5 млн руб.), касіры (заробак 1,3–1,9 млн руб.), грузчыкі (заробак 1,7–2,2 млн руб.), заатэхнікі (заробак 1–1,4 млн руб.) і настаўнікі (1–1,5 млн руб.).

Незалежныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што абяцаны ўладамі заробак немэтазгодны пры сённяшняй фінансавай сітуацыі і дрэнна адаб’ецца на эканоміцы. «Няма з чаго павышаць заробкі, – кажа эканаміст Ірына Урбан. – Прадпрыемствы не пачалі працаваць больш эфектыўна – пераабсталяванне ды інавацыі застаюцца пакуль што на словах. У бюджэце ёсць запас для павышэння заробкаў, але выкарыстоўваць яго немэтазгодна: мы зноў па коле вернемся ў крызіс, але з яшчэ большымі праблемамі».

belsat.eu

Стужка навінаў