«Вясна» не перадала суду тлумачэнняў кліентаў, каб не падстаўляць іх


https://youtu.be/L1OeGIMEhyg
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заўсёды гарантуе канфідэнцыйнасць таму, каму дапамагае. Так праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў, чаму арганізацыя не прэзентавала ў судзе каментароў сваіх кліентаў.

“Чаму я не падаў тлумачэння асобаў, якім мы аказвалі дапамогу? Каб гэтых асобаў падатковая інспекцыя прыцягнула за атрыманне даходу? Я такога не зрабіў і рабіць ніколі не буду, бо “Вясна” заўсёды гарантуе канфідэнцыйнасць таму, каму дапамагае” – падкрэсліў Стэфановіч.

Калегія Менскага гарадскога суда 13 лютага адмовіла ў задавальненні касацыйнай скаргі Стэфановіча. Калегія не ўлічыла ягонага тлумачэння – грошы на рахунку ў літоўскім банку не былі ягоным прыбыткам, а таму не абкладаюцца падаткам.

“Я катэгарычна не згодны з рашэннем калегіі. Так ніхто і не даў ацэнку лісту Міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі, якое я падаў яшчэ ў судзе першай інстанцыі: пра тое, што перададзеная раней інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Упарта ніхто не хоча даваць ацэнкі. Проста ігнаруюць”, – адзначыў праваабаронца.

Паводле яго, Менгарсуд у першай інстанцыі “незаконна ўжыў норму права, якая не мае ўжывацца ў гэтым выпадку”. “Закон аб бухгалтарскім уліку і бухгалтэрыі – пры чым тут гэта, калі я не юрыдычная асоба, эканамічнай дзейнасці не ажыццяўляю? Маім аргументам калегія ў грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суда ацэнкі не дала, цалкам пакінуўшы рашэнне, – чаго, шчыра сказаць, я і чакаў”, – сказаў Стэфановіч.

Як паведаміў праваабаронца, цяпер ён будзе “думаць, як жыць далей і выконваць рашэнне суда наконт выплаты амаль 60 мільёнаў рублёў”. “Калі я гэтага не зраблю ў наступныя 10 дзён, арышт будзе накладацца на маю асабістую маёмасць. Самае непрыемнае, што я магу трапіць у спісы невыязных”, – заўважыў ён.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары