Паўлюк Быкоўскі ў «Гарачым каментары»


Беларускае тэлебачанне паказала чарговы прапагандысцкі фільм «Уроки польского», прысвечаны апазіцыі ды польскай дзяржаве. БТ заявіла, што польскае Міністэрства замежных справаў нібыта плаціла грошы беларускай апазіцыі для арганізацыі падзеяў 19 снежня 2010 г. у Менску.

Фільм «Уроки польского» грунтуецца на матэрыялах спецслужбаў. КДБ-істы прэзентавалі схаваны запіс уваходу ў польскую амбасаду. Здымкі былі зробленыя з вокнаў суседняга дому. Першая частка прапагандысцкага «расследавання» прысвячаецца жыхару Віцебску, які дзякуючы прыязным дачыненням з польскім консулам дапамагаў беларусам атрымліваць шэнгенскія візы. За свае паслугі ён прасіў 100 еўраў. У другой частцы вядзецца пра «падрыўную» дзейнасць польскіх дыпламатаў, пра што нібыта сведчаць іхныя сувязі з Алесем Міхалевічам. І трэцяя частка фільму – дакумент, нібыта з «Wikileaks», з якога вынікае, што Уладзімір Някляеў атрымаў грошы на правядзенне Плошчы-2010.

Паводле палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага, на стварэнне чарговай прапагандысцкай стужкі БТ натхніла набліжэнне парламенцкіх выбараў ды агульная знешнепалітычная сітуацыя.

«Тут ёсць факты ды іх інтэрпрэтацыя, якая вельмі часта далёка адбягае ад сутнасці фактаў. Калі казаць, напрыклад, пра фільм БАЖ, то тут ёсць спроба накласці дзейнасць арганізацыі, якая займаецца вырашэннем праблемаў журналістаў, на тое, што гэта робіцца нібыта на нейкую замову. Вядома, у БАЖ ёсць партнёры, якія не хаваюцца, але тут робіцца выгляд, нібыта гэта нейкая інспіраваная дзейнасць з-за мяжы», – кажа эксперт.

Гэтым разам прапагандысцкая атака была скіраваная на кампанію «Гавары праўду!». Яе лідар Уладзімір Някляеў нагадаў, што ў свой час Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Гавары праўду!» фінансуе Крэмль. Някляеў адзначыў, што на момант заявы Лукашэнкі «ворагам была Расея, таму яе абвінавацілі ў фінансаванні». «Цяпер вораг – Польшча, значыць, яна фінансуе. Калі з нейкіх прычынаў Беларусь пасварыцца з Кітаем, то ў фінансаванні «Гавары праўду!» абвінавацяць Кітай, калі пасварыцца з Венесуэлаю – то Венесуэлу», – рэзюмаваў палітык.

«Дзяржаўныя тэлеканалы ёсць адною з галоўных крыніцаў паступлення інфармацыі, іх глядзяць, але даверу да іх вялікага няма. Калі паглядзець, у якія гадзіны іх глядзяць, то гэта будуць перадусім забаўляльныя праграмы. Увогуле цяпер ёсць тэндэнцыя недаверу не толькі да дзяржаўных, але і да незалежных сродкаў масавай інфармацыі», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў