Спыняюць выраб пладова-ягаднага віна


Аднак назваць гэта барацьбою з алкагалізмам нельга – адначасова павялічваюцца квоты на выпуск гарэлкі ды палепшанага пладова-ягаднага віна.

Сёлета стаўкі акцызу на вінаробчую прадукцыю маюць быць павялічаныя на 23,5 %. У сувязі з гэтым спыняецца выраб пладовых вінаў, бо прадпрыемствам больш не выгадна вырабляць такую прадукцыю. Пры гэтым засталіся невялікія запасы сыравіны, урад дазволіў іх выкарыстаць да канца года. Такія захады прадугледжаныя ў Нацыянальнай праграме барацьбы з алкагалізмам.

Разам з тым, калі параўноўваць паказчыкі з 2011 г., то паводле новых квотаў, сёлета выпусцяць на 7,3 % больш гарэлкі ды на 9 % больш “палепшанага” віна.

Як адрэагуюць на новаўвядзенні вінныя заводы? “Мы пераходзім на выпуск пладовых вінаў палепшанай якасці. Застанецца толькі вытворчасць пладовых вінаў, дзе паводле тэхналогіі адбываецца натуральнае закісанне, і такое віно будзе толькі трохі мацавацца спіртам. Таксама змяніліся патрабаванні да афармлення віннай прадукцыі: бутэлька будзе больш прывабная, з выкарыстаннем корка”, – патлумачылі ў ААТ “Наваградскі вінны завод”.

Кошт палепшанага пладова-ягаднага віна вырасце на 3000–4000 руб., то бок бутэлька будзе каштаваць каля 13 000–15 000 руб.

Сябра праўлення РГА “Цэнтральная служба ананімных алкаголікаў” Уладзімір Клімаў звяртае ўвагу на тое, што ў Швецыі, дзе адзін з самых высокіх узроўняў жыцця ў свеце, бутэлька гарэлкі каштуе 60 еўраў, на 30 000 жыхароў прыпадае адна вінная крама, а ў нас – на 200–300 чалавек, гарэлка ж каштуе 3–5 еўраў.

Ужыванне танных алкагольных напояў аказвае істотны ўплыў на ўзровень алкагалізацыі насельніцтва, развіццё хранічнага алкагалізму і, адпаведна, смяротнасці ад злоўжывання спіртнымі напоямі. Навукоўцы лабараторыі маніторынгу алкагольных праблемаў Гарадзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту вызначылі наўпроставую залежнасць паміж ужываннем алкагольных напояў і смяротнасцю: павелічэнне на 1 л спажывання алкаголю насельніцтвам павышае паказчык агульнай смяротнасці на 1 %.

Паводле афіцыйных звестак, на арганізм кожнага беларуса прыпадае больш за 15 л алкаголю на год, крытычная мяжа ацэньваецца на 12 л.

belsat.eu

Стужка навінаў