Някляеў пра «Урокі польскай»: Лухта і фальшыўка


Экс-кандыдат на прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў абвяргае інфармацыю пра тое, што ўзначаленая ім грамадзянская кампанія “Гавары праўду!” фінансавалася Польшчаю.

Такая інфармацыя прагучала ў фільме “Урокі польскай”, які быў паказаны 12 лютага ў вечаровай праграме тэлеканалу “Беларусь-1”, са спасылкаю на дакументы, апублікаваныя ў інтэрнэце. Сцвярджалася, у прыватнасці, што Міністэрства замежных справаў Польшчы загадала выдаць Някляеву з фонду польскага пасольства ў Беларусі 80 000 еўраў, якія нібыта і пайшлі на арганізацыю мітынгу ў Менску 19 снежня 2010 г. і на “куплю трох тысячаў баевікоў”.

У фільме згадваўся яшчэ адзін дакумент, апублікаваны на Wikileaks, згодна з якім 20 верасня 2011 г. амбасадар Польшчы Лешэк Шэрэпка сустракаўся з Някляевым, і нібыта на гэтай сустрэчы ішла размова аб выдаванні Польшчаю гранту на 28 000 еўраў на нейкі праект. “Лічым, што сума завышаная. Рэальная сума выдаткаў не перавысіць 15 000. Засталося 13 000 – у чарговы раз могуць быць прыўлашчаныя Някляевым і ягонымі людзьмі”, – сцвярджалася ў фільме.

У амбасадзе Польшчы каментаваць фільм адмовіліся.

Някляеў, у сваю чаргу, назваў прыведзеныя тэлеканалам лічбы “лухтою”. “80 000 на падрыхтоўку акцыі ды куплю баевікоў – гэта лухта. Калі падзяліць названую суму на тры тысячы, то атрымаецца крыху больш за 25 еўраў на штурмавіка. Знайдзіце мне таго, хто за 25 еўраў будзе займацца штурмам урадавага будынку”, – аргументаваў палітык у каментары.

Паводле Някляева, ніякіх грошай ад Польшчы ён не атрымліваў. “Я разумею, што 80 000 еўраў, паводле нашых мерак – вялікія грошы, сума ўражвае. Але і 80 000, і 28 000 – гэта ўсё гэта фальшыўка. Ніякага фінансавання з боку Польшчы кампанія “Гавары праўду!” не мела”, – падкрэсліў экс-кандыдат.

Ён нагадаў, што ў свой час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “Гавары праўду!” фінансуе Крэмль. Някляеў адзначыў, што на момант заявы Лукашэнкі “ворагам была Расея, таму яе абвінавацілі ў фінансаванні”. “Цяпер вораг – Польшча, значыць, яна фінансуе. Калі з нейкіх прычынаў Беларусь пасварыцца з Кітаем, то ў фінансаванні “Гавары праўду!” абвінавацяць Кітай, калі пасварыцца з Венесуэлаю – то Венесуэлу”, – рэзюмаваў палітык.

belsat.eu

Стужка навінаў